Лукашэнка аб'явіў вайну расейскім банкам?
61- 23.07.2012, 17:49
Аляксандр Лукашэнка параўнаў дзейнасць замежных банкаў у Беларусі з дзейнасцю замежных агентаў.
«Мне паступала інфармацыя, што некаторыя замежныя банкі сябе вядуць проста як замежныя агенты ў поўным сэнсе гэтага слова. І ўжо прадпрымальнікі крыўдзіліся на тое, што фінансавая дакументацыя вельмі многіх кампаній капіруецца і адпраўляецца некаторых заказчыкам. Я правяраў. Гэта сапраўды пацвярджаецца», - заявіў А.Лукашэнка ў панядзелак, прымаючы кіраўніка Нацбанка Беларусі Надзею Ермакову, паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.
А.Лукашэнка прапанаваў Н.Ермаковай сваё ўмяшанне ў дзейнасць гэтых банкаў у выпадку неабходнасці. «Таму ў свой час я Вас прасіў звярнуць на гэта ўвагу. Якія меры неабходна прыняць, можа быць, трэба і маё ўмяшанне ў гэтым плане?», - Сказаў т.зв. прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніка НББ.
У адказ на прэтэнзіі Лукашэнкі да замежных банкаў кіраўнік НББ абмежавалася канстатацыяй, што на беларускім рынку, у асноўным, працуюць расейскія банкі і яны «крэдытуюць эканоміку». «Банкі, якія прыйшлі з замежным капіталам, у асноўным расейскім, на нашым рынку працуюць, крэдытуюць эканоміку», - прыводзіць прэс-служба словы Н.Ермаковай.
У Беларусі дзейнічаюць 32 банкі, з іх 13 банкаў з доляй замежнага капіталу больш за 50%.
Нагадаем, расейскія банкі неаднаразова выказвалі жаданне прыняць актыўны ўдзел у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Так, Ашчадбанк Расеі, які прадстаўлены на беларускім рынку дачкой «БПС-Ашчадбанк», абвясціў аб жаданні ўдзельнічаць у працэсах прыватызацыі ў Беларусі, у тым ліку прафінансаваць здзелку па куплі «Беларуськалія».