Чыноўнікам забаранілі ўдзельнічаць у праграмах Еўразвяза
30- 24.07.2012, 13:13
Міністэрствам рассылаюць лісты з патрабаваннем ігнараваць мерапрыемствы ў рамках «Дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі».
Улады прыкладаюць максімум намаганняў, каб ахаваць чыноўнікаў і дзяржслужачых ад уплыву Захаду.
І гаворка ідзе не толькі аб публічных заявах прадстаўнікоў улад РБ, якія расцэньваюцца як нейкі этап палітычнага гандлю паміж РБ і Еўропай. Фактычна, уведзена адміністрацыйная забарона на ўдзел беларускіх чыноўнікаў і дзяржслужачых у мерапрыемствах, якія праводзяцца з дапамогай і за кошт Еўразвяза, піша АФН.
У прыватнасці, 9 ліпеня бягучага года пастаянны прадстаўнік РБ пры ЕЗ Андрэй Еўдачэнка заявіў, што Беларусь адмаўляецца ад удзелу ў праграме «Еўрапейскі дыялог у мэтах мадэрнізацыі Беларусі».
«Мы будзем працаваць у рамках толькі тых праграм, якія будуць сумесна распрацоўвацца і ўзгадняцца. Гаворка ішла аб тым, што ЕЗ распрацуе гэтую праграму ў цесным узаемадзеянні з намі. Другой умовай было тое, што гэтая праграма будзе накіравана на органы дзяржкіравання Беларусі і, у той жа час, на ўсё беларускае грамадства. Ні адна з гэтых опцый не была выканана Еўразвязам. Беларускі бок быў не толькі не запрошаны да распрацоўкі праграмы, але і дзяржорганы былі ўнесены ў яе па рэшткавым прынцыпе», - заявіў тады Еўдачэнка
На самой справе гэту заяву варта расцэньваць як вынік праведзенай напярэдадні масавай апрацоўкі чыноўнікаў і дзяржслужачых. У якасці прыкладу хацелася б прывесці ліст Мінадукацыі РБ, накіраваны ва ўстановы адукацыі яшчэ ў чэрвені бягучага года.
«Паведамляем, што Еўрапейскім звязам робяцца спробы арганізаваць у Беларусі і за мяжой мерапрыемствы рознай тэматычнай накіраванасці ў рамках так званага «еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі» (European Dialogue on Modernization of Belarus) з удзелам беларускай аппозиции (рэдакцыя - арфаграфія захавана), а таксама прыцягнуць да іх беларускія органы дзяржкіравання і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, - гаворыцца ў лісце за подпісам намесніка міністра адукацыі РБ В.Якжыка (копія дакумента маецца ў распараджэнні AFN.by).
«Такія мерапрыемствы не ўзгодненыя з уладамі Рэспублікі Беларусь. У выпадку паступлення запрашэнняў на любыя мерапрыемствы ў рамках згаданага «еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі» неабходна адмовіцца ад удзелу ў іх, а таксама неадкладна паставіць аб гэтым у вядомасць МЗС», - загадана ўстановам адукацыі (па спісе).
Хутчэй за ўсё, іншыя міністэрствы накіравалі ў свае падначаленыя структуры і прадпрыемствы лісты аналагічнага зместу.
Варта звярнуць увагу, што кіраўніцтва РБ паставіла чыноўнікаў і дзяржслужачых, як уласна і еўрапейскія структуры перад жорсткім выбарам - або ў праграмах удзельнічаюць толькі прадстаўнікі ўлад РБ альбо, як заявіў Еўдачэнка, «на такія варыянты супрацоўніцтва мы не пойдзем». Трэці варыянт, а менавіта хоць бы фармальны ўдзел прадстаўнікоў апазіцыі разам з прадстаўнікамі ўлад у праграмах ЕЗ для Беларусі, у сапраўдны момант нават не разглядаецца.