Барысаўская раёнка аб паходзе ў Хатынь: Незабыўны пах вогнішча
19- 24.07.2012, 16:05
Пад такім двухсэнсоўным загалоўкам выйшаў артыкул у барысаўскай газеце «Адзінства».
«Маршрут быў прысвечаны 68-годдзю перамогі беларускага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, пішацца ў газеце, таму дзеці наведалі мемарыяльныя комплексы «Дальва», «Хатынь», пабывалі ў Зембінскім музеі. Пераадольваючы кіламетр за кіламетрам нялёгкага шляху, навучэнцы ўспаміналі гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. 80 кіламетраў шляху пралягалі па лясных дарогах, балотах і вузкіх сцяжынках. Часам прыходзілася з цяжкасцю знаходзіць дарогу, бо ў лесе лёгка заблудзіцца, а на плячах вісіць цяжкі заплечнік з асабістым начыннем, палаткай і ежай.
Але не толькі цяжкасці чакалі удзельнікаў паходу. Цэлы дзень дзеці адпачывалі на возеры Маковза ў Лагойскім раёне, яшчэ 3 дня - у зоне адпачынку «Пескі» у Барысаўскім раёне. Вясёлым успамінам застанецца пасвячэнне ў турысты пачаткоўцаў, якія пасля паходу сталі раўнапраўнымі ўдзельнікамі турыстычнай супольнасці, урачыста паабяцаўшы не пакідаць турызм да самай старасці. Вясёлыя песні пад гітару ля вогнішча, паходная кухня, начлег у палатках не пакінуў раўнадушным ні аднаго з удзельнікаў...», - піша газета аб паходзе школьнікаў.
Усё гэта ілюструецца фатаграфіямі мемарыяльнага комплексу «Хатынь», піша «Наша Нiва».
Вёска Хатынь пад Лагойскам вядомая тым, што яе цалкам знішчылі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Большасць яе жыхароў былі зажыва спалены.
