Бабруйскі выканкам прадаў піянерлагер... разам з жыхарамі
7- 25.07.2012, 11:09
Праўда, пра тое, што піянерлагер прадаецца з сям'ёй, вертыкальшчыкі пакупніку нічога не паведамілі.
Сям'я Шышовых з Магілёўскай вобласці больш за сорак гадоў пражыла ў... піянерскім лагеры. Зараз людзі рызыкуюць застацца без даху над галавой, бо лагер даўно не дзейнічае, а пустуючыя памяшканні прадалі прадпрымальніку, піша «Комсомольская правда в Беларуси».
Аб тупіковай сітуацыі, у якой апынулася сям'я, распавёў тэлеканал СТВ. Як распавёў адзін з членаў сям'і, Сяргей Шышоў, яго бацькі жылі ў гэтай мясцовасці ў так званых часовых збудаваннях, а пасля таго, як быў пабудаваны піянерскі лагер «Мір», іх прынялі на працу і засялілі ў вартоўню. Тут жа з'явіліся на свет Сяргей і яго брат. Пасля развалу Саюза перастаў функцыянаваць і піянерскі лагер, аднак сям'я Шышовых па-ранейшаму працавала тут - людзі сачылі за парадкам на тэрыторыі. Самае дзіўнае, што ў пашпартах ва ўсіх членаў сям'і ў графе «прапіска» так і было напісана - піянерлагер. Нядаўна Бабруйскі гарвыканкам, ва ўласнасці якога знаходзіўся лагер, прадаў яго прадпрымальніку. «Дадатак» да куплі ў выглядзе жыхароў аказалаўся для прадпрымальніка поўнай нечаканасцю, бо па дакументах жылых памяшканняў там наогул няма!
Якім чынам людзі апынуліся прапісанымі ў піянерскім лагеры, за даўнасцю высветліць цяжка. Неўзабаве лёс сям'і Шышовых павінен вырашыць суд. Не выключана, што яны застануцца без даху над галавой і на старасці гадоў стануць бамжамі, так што аб працягу гэтай гісторыі дзяржаўны тэлеканал наўрад ці паведаміць: бо вінаватыя ў сітуацыі, якая склалася, у першую чаргу мясцовыя ўлады.