Кошт навучання ў ВНУ можа ўзляцець на 29%
11- 25.07.2012, 14:03
На адной з апошніх нарад з прадстаўнікамі Мінадукацыі прагучала інфармацыя, што ВНУ з 1 верасня могуць падняць кошт навучання максімум на 29%.
Пра гэта паведамілі аглядальніку interfax.by у рэктараце аднаго з беларускіх ВНУ.
«Пры рэнтабельнасці 12% з 1 верасня мы павысім кошты на 20%. З Мінадукацыі ўжо ўсё ўзгоднена, - адзначылі ў ВНУ. - Але ні ў якім разе не называйце нас (назва навучальнай установы - ІФ), так як гэта адпудзіць усіх абітурыентаў, якія падаюць дакументы на платнае аддзяленне. Нам яшчэ трэба выканаць план набору-2012».
«Любое павышэнне адбываецца выключна з дазволу Міністэрства адукацыі. Самі па сабе ВНУ змяняць кошт навучання не могуць. Усе лічбы трэба ўзгадняць. Ці можна падняць кошты на 20%? Можна», - так пракаментавалі сітуацыю парталу па тэлефоне «гарачай лініі» Мінадукацыі.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце, як высветліў аглядальнік партала, кошт навучання з пачатку 2012-2013 навучальнага года плануецца падняць прыблізна на 10%.
«Не трэба забываць, што Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду павысіць тарыфную стаўку першага разраду з 1 жніўня і ў кастрычніку бягучага года. Гэта дасць магчымасць павысіць зарплаты работнікаў бюджэтнай сферы. Калі мы не падымем кошты на навучанне зараз, то потым гэта прыйдзецца рабіць некалькі разоў. Мы не можам працаваць сабе ў страту, зарплату выкладчыкам трэба плаціць своечасова...», - пракаментавалі сітуацыю ў адным з універсітэтаў РБ.
Коштамі на платныя адукацыйныя паслугі ў вышэйшых навучальных установах зараз займаецца не Міністэрства адукацыі, а камісія па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання коштаўтварэння пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь.
Прыём дакументаў на навучанне на ўмовах аплаты большасць ВНУ Беларусі ажыццяўляе па 4 жніўня 2012 года.