Толькі за чэрвень страцілі працу 81,4 тысяч беларусаў
8- 26.07.2012, 15:00
У эканоміцы Рэспублікі Беларусь у першым паўгоддзі 2012 года было занята 4574,1 тыс. чалавек, што на 2,2%, або на 102,9 тыс. чалавек, менш, чым у студзені - чэрвені 2011 года.
Аб гэтым паведамляецца ў афіцыйным прэс-рэлізе Белстата.
Арганізацыямі рэспублікі (без суб'ектаў малога прадпрымальніцтва недзяржаўнай формы ўласнасці) у першым паўгоддзі 2012 года было прынята на працу 377,4 тыс. чалавек і звольнена па розных прычынах 429,5 тыс. чалавек.
З агульнай колькасці звольненых 6,9% было звольнена за прагул і іншыя парушэнні працоўнай дысцыпліны, 1% - у сувязі са скарачэннем колькасці або штату работнікаў, ліквідацыяй арганізацый.
У чэрвені ў Беларусі страцілі працу 81,4 тыс. чалавек, тым самым ужо другі месяц запар лік звальненняў перавышае сярэднемесячныя значэнні. Таксама неабходна ўлічыць, што за той жа месяц прынята на працу 74 тыс. чалавек.
Такім чынам, за паўгады колькасць звольненых перавысіла колькасць прынятых на працу на 52 тыс. чалавек і павялічылася за чэрвень на 7,4 тыс.
На першае месца па страце працоўных месцаў выйшла прамысловасць: за паўгады колькасць чалавек, якія працуюць у ёй скарацілася на 17,9 тыс. чалавек. На другім месцы знаходзіцца будаўніцтва: са студзеня па чэрвень колькасць працоўных у галіне паменшылася на 17 тыс. чалавек. Адрыў ад лідэраў рэзка скараціла сфера адукацыі - колькасць працоўных у ёй знізілася з пачатку года на 14,6 тыс. чалавек.