Пад Менскам створаць музей Васіля Быкава
29- 27.07.2012, 16:29
Па даручэнні Лукашэнкі пачата работа па стварэнню музея народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
Музей будзе адкрыты на базе дачы Васіля Быкава, размешчанай у пасёлку Ждановічы-6 Менскага раёна, паведамілі БелТА ў Міністэрстве культуры.
У гэтых мэтах 27 ліпеня 2012 года прынята пастанова ўрада, у адпаведнасці з якой дача бязвыплатна перададзена Ірынай Міхайлаўнай Быкавай ва ўласнасць дзяржавы. «Гэты дзень з'яўляецца адпраўной кропкай у справе ўвекавечання памяці пісьменніка і захавання яго творчай спадчыны», - падкрэслілі ў Мінкультуры.
Музей ствараецца як філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. На працягу 2012-2014 гадоў будзе праведзены капітальны рамонт дачы Васіля Быкава з яе прыстасаваннем пад музейную ўстанову, а таксама будзе добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, створаны камфортныя ўмовы для наведвальнікаў.
Адначасова па даручэнні кіраўніка дзяржавы супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры вядуць навуковую апрацоўку архіва Васіля Быкава і асабістых рэчаў пісьменніка, якія знаходзяцца ў яго кватэры і на дачы. Гэтыя прадметы і дакументы складуць аснову экспазіцыі музея пісьменніка, стварэнне якой плануецца ажыццявіць у 2013-2014 гадах.
У экспазіцыі будуць прадстаўлены асноўныя этапы жыцця і творчасці пісьменніка, яго ўзаемаадносіны з сябрамі, блізкімі і калегамі па пяру, адлюстраваны асаблівы ўклад Васіля Быкава ва ўвасабленне тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай і сусветнай літаратуры, міжнароднае прызнанне яго твораў.
Музей народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава плануецца адкрыць у чэрвені 2014 да яго 90-годдзя.