У Горках хочуць перайменаваць плошчу Леніна ў плошчу Гарэцкага
14- 30.07.2012, 15:26
Пасля зносу дома пісьменніка ў горадзе не застанецца напаміну аб ім.
У Горках, дзе ў гэтым годзе пройдуць «Дажынкі», абаронцы дома Гарэцкага, які райвыканкам пастанавіў знесці, прапануюць перайменаваць плошчу Леніна ў плошчу Гарэцкага, перадае «Радыё Свабода».
Зараз у райцэнтры чыноўнікі збіраюць думкі жыхароў аб перайменаванні цэнтральнай плошчы. З яе ўжо дэмантавалі помнік Леніну. Чыноўнікі кажуць, што да «Дажынак», яна цалкам зменіць аблічча. На плошчы з'явяцца элементы беларускага нацыянальнага арнаменту.
«Мы доўга змагаліся за дом Гарэцкага. Нам казалі, што на яго захаванне і рамонт не хапае грошай. Зараз ёсць выдатная танная магчымасць увекавечыць памяць Максіма Гарэцкага ў Горках. Цэнтральная плошча - без назвы. Грошай, каб перайменаваць плошчу Леніна ў плошчу Гарэцкага, вялікіх не трэба. У Горках ёсць плошча савецкага героя Якубоўскага, якая сімвалізуе савецкую эпоху беларускай гісторыі, і будзе плошча Гарэцкага, якая будзе сімвалізаваць нацыянальную беларускую гісторыю, духоўнае адраджэнне. Дзве гэтыя плошчы злучаныя цэнтральнай вуліцай. І гэта сімвалічна. Гэтая дарога прымірае розныя бакі беларускай гісторыі», - абгрунтоўвае прапанову перайменаваць плошчу Леніна журналіст Ілля Заранок.
У канцы жніўня райвыканкам вызначыць, якім імем назваць цэнтральную плошчу Горак.
Тым часам дом, дзе жыў Максім Гарэцкі, чакае зносу. З яго пакуль не выехалі ўсе жыхары. На месцы дома будзе дарога да месца, дзе пройдуць асноўныя мерапрыемствы «Дажынак».