Пашкевіча абвінавацілі ў парушэнні выбарчага заканадаўства
3- 31.07.2012, 11:46
У дачыненні да аднаго з патэнцыйных кандыдатаў у «дэпутаты» Міхаіла Пашкевіча складзены акт за парушэнне выбарчага заканадаўства.
Паводле яго слоў, ён мае намер вылучыцца кандыдатам у «дэпутаты» па менскай Купалаўскай выбарчай акрузе № 95. «Неабходную тысячу подпісаў для вылучэння я сабраў яшчэ на мінулым тыдні, але, нягледзячы на гэта, пачаў ставіць пікеты па збору подпісаў. Спачатку ўсё ішло нармальна, аднак 30 ліпеня да мяне на пікет з'явілася акруговая выбарчая камісія і склала акт аб датэрміновай агітацыі. Датэрміновай агітацыяй яны палічылі тое, што мая біяграфія складзена не стандартна і тое, што на пікеце вісеў сцяг кампаніі «Гавары праўду!», - сказаў Пашкевіч БелаПАН.
Ён запатрабаваў ад выбарчай камісіі патлумачыць, які артыкул Выбарчага кодэкса парушыў. «У выніку камісія доўга шукала і ў Выбарчым кодэксе, і ў метадычных матэрыялах ЦВК што-небудзь аб тым, што выкарыстанне сімволікі - гэта парушэнне закона. Нічога не знайшлі, хоць і выклікалі юрыста. Потым яны патэлефанавалі ў ЦВК і растлумачылі сітуацыю. У ЦВК таксама доўга думалі і не знайшлі нічога лепшага, чым параіць звярнуцца да Мінюста за растлумачэннем, ці з'яўляецца сцяг зарэгістраванай сімволікай», - сказаў Пашкевіч.
Паводле яго слоў, акруговая камісія, склаўшы акт, афіцыйнага папярэджання яму не вынесла. «Яны ўзялі тайм-аўт да сёння, 31 ліпеня. Сёння вырашаць, што рабіць з актам», - адзначыў палітык.