Танк развярнуў вуліцу ў Менску (Фота, відэа)
34- 4.07.2012, 9:55
Учора, ужо пасля парада, калі вайсковая калона рухалася па вул. Арлоўскай, танк наехаў на бардзюр, ледзь не пацярпелі людзі.
Паводле словаў карыстальніка форума onliner.by Buck, танк Т-72Б «пачало насіць па дарозе, відаць было, што яго спрабавалі выраўнаваць, але сыходзілі ў намець толькі мацней». Бацька паспеў адцягнуць дачку ў апошні момант.
Вось што паведамляе Buck: «Інцэдэнт адбыўся ў дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня 2012 г. у 15 метрах ад мяне. Быў з дзіцём, відэа не здымаў, таму самога моманту сутыкнення няма. Пасля парада калона тэхнікі рухаецца па вуліцы Арлоўская і пасля скрыжавання з вуліцай Карастаянава танк Т-72Б пачало насіць па дарозе. Відаць было, што спрабавалі выраўнаваць яго, але сыходзілі ў намець толькі мацней».
«Тата з дачкой стаялі ў цяньку побач з дрэвам, хоць машына ДАІ перад праездам калоны папярэджвала адысці ад дарогі ў мэтах бяспекі. Дзяўчынка стаяла на бардзюры, бацька ў яе за спінай. Апошні манеўр танка быў у бок людзей і Т-72 задняй часткай урэзаўся ў бардзюр, дзе яшчэ некалькі секунд таму стаяла дзяўчынка. Бацька, адскокваючы на спіну, пацягнуў дзяўчынку на сябе, і іх накрыла хваля бруду. Танк знёс бардзюр менавіта ў тым месцы, дзе яны стаялі. Усё скончылася шчасна, усе жывыя. Праўда, у дзяўчынкі была гістэрыка. Праз хвілін 10 да групы падышоў супрацоўнік ДАІ і нешта паведаміў па рацыі», - працягвае ўдзельнік форума.
Паводле яго словаў, пасля праходу вайсковай калоны прыбеглі людзі, наколькі было магчыма самі паставілі бардзюры і закапалі ямы.

