Міліцыя не прыехала
133- 4.07.2012, 11:47
Падчас салюту ў Мінску 20 хвілін збівалі чалавека.
Кожнае ўсенароднае свята, апроч свайго пампезна-параднага боку заўсёды мае і зваротны, часцяком не занадта прывабны. А часам — нават агідны.
Так, карэспандэнт TUT.BY стаў учора сведкай бурнага высвятлення адносін паміж двума нецвярозымі маладымі людзьмі, якія наведвалі ўчора, 3 ліпеня, святочныя мерапрыемствы каля стэлы "Мінск — горад-герой". Малады чалавек у аранжавай майке спачатку спрабаваў сілай зацягнуць дахаты свайго п'янага сябра ў цёмнай, а калі той пачаў супрацівіцца — юнакі пабіліся. Зрэшты, з-за відавочнай розніцы ў сіле і ступені ап'янення, узаемная бойка вельмі хутка ператварылася ў жорсткае збіванне. "Аранжавы" наносіў "цёмнаму" ўдары рукамі і нагамі, усяляк яго заломліваў і нават сядаў на яго зверху... За жыццё хлопца ўзніклі сур'ёзныя асцярогі.
Як законапаслухмяны грамадзянін, аўтар гэтых радкоў неадкладна патэлефанаваў у міліцыю па тэлефоне 102. Выклік быў зроблены ў 22:54. Як мы ведаем, ужо ў 23:00 пачаўся салют.
Толькі пасля выкліку міліцыі пачалі здымаць відэа. Улічваючы афіцыйна зацверджаныя нарматывы прыезду па выкліку міліцэйскіх нарадаў у Мінску, складана было ўявіць, што здымаць давядзецца так доўга, аднак гэты працэс зацягнуўся... на 22 хвіліны!
І зусім побач, на праспекце Пераможцаў у гэтыя хвіліны працавалі нават не сотні — тысячы міліцыянераў. Кожны з іх меў службовую радыёсувязь, і перадаць аператыўную інфармацыю не складала ніякай працы. Аднак па выкліку пра п'яную бойку на вул. Мельнікайтэ, 9 не прыехаў ніхто, пры тым, што ад праспекта Пераможцаў гэта 5-6 хвілін нават пешкі!
Урэшце, дамагчыся ўмяшання міліцыі ў гэты інцыдэнт атрымалася — выйшаўшы на праезную частку і спыніўшы вялікі аўтобус МАЗ, які вёз вяртаюшчыхся пасля салюту супрацоўнікаў МУС. Яны, дарэчы, апынуліся куды больш спагаднымі да чужой бяды, чым іх калегі. Затрымаўшы абодвух (збіты хлопец у цёмнай майке на той момант ужо валяўся на ходніку і ледзь падаваў прыкметы жыцця, але пры з'яўленні людзей у пагонах хутка ачуняў і нават працвярозеў), яны выклікалі па рацыі нарад, якому і перадалі аматараў сілавога высвятлення адносін.
За больш за 20 хвілін міма збітага чалавека прайшлі тысячы яго суграмадзян. Выратаваць яго не паспрабаваў ніхто.