9 чэрвеня 2026, aўторак, 13:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Розмары Томас: Палітыка ЕС не зменіцца, пакуль не вызваляць палітвязняў

Розмары Томас: Палітыка ЕС не зменіцца, пакуль не вызваляць палітвязняў

Амбасадар Велікабрытаніі выступіла супраць выкарыстання палітвязняў у якасці прадмета гандлю паміж беларускімі ўладамі і ЕС.

«Палітыка Еўрапейскага звязу ў дачыненні Беларусі не можа змяніцца да таго часу, пакуль не будзе вырашана пытанне з палітычнымі зняволенымі», — заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН амбасадар Велікабрытаніі ў Менску Розмары Томас.

«Мы не хочам спрыяць паўтору гэтага цыкла: спачатку выбары, потым палітвязні, а потым — спроба выкарыстоўваць палітвязняў для таго, каб аднавіць дыялог з Еўразвязам. Гэта ўжо, па-мойму, трэці ці чацвёрты зварот», — адзначыла дыпламат.

Еўразвяз «сапраўды зацікаўлены ў тым, каб перапыніць гэты цыкл». «Гэта няпроста для абодвух бакоў, але я ўпэўнена, што калі б мы маглі знайсці спосаб пераадолець гэту перашкоду, то вынікам была б больш сталая фаза ў адносінах, што пайшло б на карысць усім зацікаўленым бакам. Пакуль сітуацыя не змянілася, немагчыма мець цывілізаваны дыялог», — канстатавала Томас.

Сацыяльна-палітычную і эканамічную сітуацыю ў Беларусі амбасадар ацэньвае «як рэгрэссіруюшчую».

«Такія, на жаль, мае ўласныя назіранні. Я думаю, цяпер самы адпаведны час для таго, каб улады задумаліся пра нейкія крокі ў бок лібералізацыі, — лічыць дыпламат. — Гэта ў інтарэсах самой Беларусі ў доўгатэрміновай перспектыве. Вам трэба грамадства не падзеленае ўнутранымі канфліктамі, а ў якім людзі не баяцца самавыяўляцца — не толькі ў сэнсе свабоды выразу, але і ў сэнсе крэатыўнасці. Для гэтага трэба стварыць пэўнае асяроддзе, пэўную атмасферу».

Томас звярнула ўвагу на тое, што беларускія ўлады ўвесь час паўтараюць: Беларусь — еўрапейская краіна.

«З геаграфічнага пункту гледжання гэта абсалютна правільна. Беларусь таксама, бясспрэчна, еўрапейская краіна з пункту гледжання культуры і гісторыі. Аднак сённяшняя сістэма адносін паміж грамадствам і ўладнымі структурамі вельмі моцна адрозніваецца ад той, што склалася ў большасці еўрапейскіх краін», — падкрэсліла амбасадар.

Змена гэтай сітуацыі дапамагла б краіне «рэалізаваць свой несумнеўны патэнцыял», пераканана Томас.

Яна таксама падкрэсліла патрэбу паслядоўных і ўзважных крокаў у бок эканамічнай лібералізацыі. «Гэта дапамагло б забяспечыць росквіт Беларусі ў доўгатэрміновай перспектыве», — заявіла амбасадар.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках