За распаўсюджванне беларускіх кніг - год «хатняй хіміі»
16- 6.07.2012, 14:21
Пракурор патрабуе для распаўсюдніка беларускіх кніг год «хатняй хіміі».
Прысуд будзе агучаны 10 ліпеня ў Кастрычніцкім раённым судзе сталіцы.
Пра гэта «Еўрарадыё» паведаміў кнігараспаўсюджвальнік Алесь Яўдаха, якога абвінавачваюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
«На 10-е прызначалі вынясенне прысуду, у 10 гадзін. Пракурор хоча год абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы, так званая хатняя хімія», - распавёў Алесь Яўдаха.
Таксама з Алеся Яўдахі хочуць спагнаць 79 мільёнаў рублёў «прычыненай шкоды».
Нагадаем, ён адпраўляў праз пошту ў розныя гарады краіны кнігі вядомых беларускіх аўтараў: Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова, Міколы Ермаловіча, Рыгора Барадуліна. Пракуратура ў гэтым ўгледзела незаконнае прадпрымальніцтва і звярнулася ў суд. Ён пачаўся ў мінулым годзе і быў прыпынены ў лістападзе ў сувязі з правядзеннем экспертызы матэрыялаў справы. У чэрвені суд аднавіўся. У ім было апытана каля 30 чалавек (планавалася - каля 230!), Былі зачытаныя ранейшыя паказаньні яшчэ каля 80 чалавек.