Санслужбу не хвалююць «маргарынавыя рэкі» на хлебазаводзе (Відэа)
12- 1.08.2012, 11:39
Магілёўскі хлебазавод працягне выпякаць печыва з бруднага маргарыну.
Размешчаныя ў інтэрнэце фатаграфіі, якія даказваюць, што на Магілёўскім хлебазаводзе № 4 прысмакі робяць з маргарыну, які расцёкся па падлозе, - не падстава для санітарнай праверкі, перадае «Белсат».
Некалькі тыдняў таму грузчык магілёўскага хлебазавода № 4 Уладзімір Трызуноў сфатаграфаваў, а потым апублікаваў у інтэрнэце відэа таго, як захоўваецца на прадпрыемстве маргарын, з якога пякуць прысмакі. Работнік паведаміў, што маргарынавая катастрофа доўжылася некалькі тыдняў і была выклікана глупствам кіраўніцтва, якое закупіла кучу маргарыну для печыва, але не змагло захаваць яго ў спякоту.
Адміністрацыя хутка звольніла грузчыка, а вось рэакцыі на парушэнне санітарных нормаў не было. Як паведаміла ўрач-гігіеніст Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Галіна Клімянкова, скаргаў да іх не паступала, а планавая праверка прадпрыемства была ў чэрвені. «Праверка нядаўна праводзілася на гэтым прадпрыемстве, таму цяпер няма неабходнасці выходзіць на гэты аб'ект. Я не бачу неабходнасці», - заявіла ўрач-гігіеніст.
На думку грузчыка, які сфатаграфаваў «маргарынавыя рэкі», адміністрацыя некалькі разоў спрабавала знайсці прычыну, каб яго звольніць. І нарэшце знайшла. Уладзіміра Трызунова папрасілі папрацаваць не ў сваю змену - за грузчыка, які не мог выйсці, таму што быў п'яны.
Рабочы пагадзіўся дапамагчы кіраўніцтву. Пры гэтым ніякіх папер падпісаць яму не прапанавалі. Як аказалася, фармальна выхад не ў сваю змену лічыўся прагулам. Такую прычыну і запісалі ў працоўную кніжку.