Місія Сусветнага Банка прыязджае сёння ў Менск
1- 13.08.2012, 10:30
Місія Сусветнага банка на чале з дырэктарам аддзела Украіны, Беларусі і Малдовы Сусветнага банка (СБ) Чымяо Фанам наведае Беларусь з 13 па 16 жніўня.
Аб гэтым паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у беларускім офісе СБ.
Місія абмяркуе ход рэалізацыі праектаў, якія фінансуюцца Сусветным банкам, у тым ліку па павышэнню энергаэфектыўнасці і развіццю сістэм водазабеспячэння.
Чымяо Фан сустрэнецца з першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкай, кіраўніцтвам дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржкамітэта па стандартызацыі Беларусі, міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, наведае Віцебскую вобласць.
Як паведамлялася, у ліпені прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч прапанаваў Сусветнаму банку паскорыць падрыхтоўку новай краінавай стратэгіі банка па Беларусі, прыняцце якой прадугледжвае аднаўленне практыкі зацвярджэння і фінансавання банкам новых інфраструктурных праектаў. Папярэдняя 4-гадовая стратэгія з аб'ёмам фінансавання $400 млн завяршылася ў сярэдзіне 2011 года.
Ч.Фан паабяцаў абмеркаваць дадзенае пытанне ў банку.
Адначасова СБ настойвае на паскарэнні правядзення структурных рэформ у Беларусі, падкрэсліваючы ў сваіх даследаваннях, што беларуская мадэль эканомікі c прэвалюючай дзяржуласнасцю і жорсткім адміністрацыйным кантролем цалкам вычарпала свой патэнцыял.
Беларусь стала ўдзельнікам Сусветнага банка ў 1992 годзе. За гэты час краіне выдзелена амаль $900 млн на рэалізацыю 13 праектаў, у тым ліку ў канцы 2009 года - $200 млн пазыкі на мэты развіцця тэрмінам на 16 гадоў.