20 красавiка 2024, Субота, 12:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Францкевіча выбіваюць прашэнне аб памілаванні

17
З Францкевіча выбіваюць прашэнне аб памілаванні

Палітвязня з адной ныркай кінулі ў штрафны ізалятар

Таццяна Францкевіч, маці палітвязня Аляксандра Францкевіча, сёння з'ездзіла з адвакатам да сына ў турму «Воўчыя норы». Як распавяла маці палітвязня сайту charter97.org, Аляксандра Францкевіча, у якога з-за няшчаснага выпадку выдалілі адну нырку, кінулі ў ШЫЗА за адмову выконваць зневажальныя загады адміністрацыі.

«Я паехала да яго, таму што яго змясцілі ў ізалятар на 10 сутак. Учора ўвечары гэты тэрмін скончыўся. На шчасце, у гэтыя дні была цёплае надвор'е, таму Саша ў ізалятары адчуваў сябе больш-менш нармальна», - падзялілася Таццяна Францкевіч.

«Сашу кінулі ў ШЫЗА за тое, што ён адмовіўся падмятаць ў камеры. У турме гэта лічыцца працай для зняволеных нізкага статусу, так званых «апушчаных». Але ў майго сына толькі адна нырка і яны не мелі права пераводзіць яго ў ізалятар за такую дробную правіну. Пры гэтым у адміністрацыі нам заявілі, што яны не лічаць адсутнасць адной ныркі хваробай», - падкрэсліла маці палітвязня.

«Ён і раней адмаўляўся выконваць зневажальныя загады ў турме, але яго ўпершыню кінулі ў ШЫЗА за адмову падмятаць. Я лічу, яны хочуць яго зламаць, выбіць прашэнне аб памілаванні. Яму і раней прапаноўвалі напісаць прашэнне, але ён адмовіўся», - адзначыла маці анархіста.

«Буду высылаць яму медыцынскія перадачы. Адвакат кажа, што ён трымаецца, ні на што не скардзіцца і выглядае добра. Але ў любы момант нават прастуда можа справакаваць сур'ёзную хваробу», - сказала Таццяна Францкевіч.

Нагадаем, 27 траўня 2011 года суддзя Заводскага раёна Менска Жанна Хвойніцкая асудзіла Аляксандра Францкевіча на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Разам з ім асудзілі анархістаў Мікалая Дзядка - на 4 з паловай гады турмы і Ігара Аліневіча - яго прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязняў абвінавацілі ў шэрагу нападаў на дзяржаўныя і прыватныя будынкі. Сярод іх, закід бутэлькамі з запальнай сумессю амбасады Расеі 30 жніўня 2010 года.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках