Амбасадара Беларусі выклікалі ў МЗС Літвы
9- 14.08.2012, 17:28
Уладзіміру Дражыну прадставілі пазіцыю ЕЗ у сувязі з адмовай у акрэдытацыі шведскаму амбасадару ў Менску.
Краіны ЕЗ вырашылі сумесна рэагаваць на такія дзеянні беларускіх улад. На сустрэчы, якая прайшла ў пятніцу 10 жніўня ў Брусэлі, падкрэслілі, што рашэнне выслаць шведскіх дыпламатаў уплывае не толькі на беларуска-шведскія адносіны, але і на адносіны паміж ЕЗ і Беларуссю.
МЗС Літвы паведамляе, што Уладзіміра Дражына інфармавалі, што пры пераглядзе далейшай палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі ўлічаць і дзеянні ў адносінах да шведскіх дыпламатаў і тэндэнцыі ўнутранай палітыкі Беларусі - лёс палітвязняў, ход надыходзячых парламенцкіх выбараў і становішча грамадзянскай супольнасці. У святле апошніх падзей ЕЗ мае намер абмяркоўваць далейшае абмежаванне палітычных кантактаў з Беларуссю.
Прадстаўнікі МЗС адзначылі, што Літва, як і ўвесь ЕЗ, зацікаўлена ў захаванні нармальных дыпламатычных адносін з Беларуссю і ўмацоўваць супрацоўніцтва ў рамках праграмы Усходняга партнёрства, аднак нармалізацыя адносін залежыць ад далейшых дзеянняў Менска, паведамляе ru.delfi.lt.
Як паведамляў сайт charter97.org, 1 жніўня беларускія ўлады апавясцілі Швецыю пра непадаўжэнне акрэдытацыі амбасадару Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага амбасадара Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускай амбасады пакінуць Стакгольм.
8 жніўня МЗС Беларусі абвясціў пра адкліканне ўсіх супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Стакгольме. Шведскаму боку рэкамендавана распачаць аналагічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Менска да 30 жніўня.