Гродзенскай абласной арганізацыі БНФ адмовілі ў рэгістрацыі
- 15.08.2012, 13:34
Ва Упраўленні юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама спасылаюцца на тое, што не быў пададзены спіс членаў Гродзенскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ з указаннем месцаў іх працы і жыхарства.
Паводле слоў Вадзіма Саранчукова, кіраўніка абласной структуры БНФ, усе неабходныя дакументы былі дасланыя ва Упраўленне юстыцыі замоўленым лістом, пра што сведчыць наяўнасць квітанцыі, перадае «Радыё Свабода».
Аднак ва Упраўленні юстыцыі настойліва паўтараюць, што падобных дакументаў у іх няма. Саранчукоў заявіў, што адмова ў дзяржаўнай рэгістрацыі структуры непасрэдна звязана з выбарчай кампаніяй.
Па словах Саранчукова, менавіта абласныя структуры палітычных партый маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій. Таму гэта рашэнне ўлад ён лічыць выключна палітычным. Саранчукоў таксама адзначыў, што партыя БНФ мае намер абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе.
Гродзенскае аддзяленне Партыі БНФ, па словах Саранчукова, за апошнія пяць гадоў не менш трох разоў рабіла спробы атрымаць рэгістрацыю, але па розных надуманых прычынах атрымлівала адмову.