9 чэрвеня 2026, aўторак, 23:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

25 жніўня пройдзе фестываль этнамузыкі «Вольнае паветра»

4
25 жніўня пройдзе фестываль этнамузыкі «Вольнае паветра»

На хутары «Шаблі» у Валожынскім раёне Менскай вобласці 25 жніўня адбудзецца пяты міжнародны фестываль этнамузыкі «Вольнае паветра».

Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі 15 жніўня ў Менску адзін з арганізатараў мерапрыемства, дырэктар канцэртна-прадзюсерскага агенцтва BOpromo Аляксандр Багданаў, піша БелаПАН.

Хэдлайнерам фестывалю стане нямецкі гурт Di Grine Kuzine. На канцэрце таксама выступяць украінскі калектыў «ДахаБраха» сумесна з беларускім трыа Port Mone, беларускія гурты «Троіца», Kriwi, «Гаротніца», дыджэі Dj Magic, Dj Gips, Dj Balkana, Baltic Balkans Djs і Dj Papa BO.

Па словах Багданава, танцпол у гэтым годзе будзе арганізаваны пад адкрытым небам, а ў хляве хутара ўсю ноч будуць паказваць этнакіно.

Да фестывалю засталося менш за два тыдні, але з-за дрэннага надвор'я арганізатары пакуль не могуць прыступіць да падрыхтоўкі тэрыторыі. А ім трэба будзе выкасіць газон у пяць гектараў, паведаміў дырэктар фестывалю Уладзімір Шаблінскі. Тым не менш, паводле яго слоў, у арганізацыйнай групы ўжо ёсць вопыт экстранай падрыхтоўкі да фестывалю.

Нягледзячы на нестабільнае надвор'е, арганізатары спадзяюцца сабраць у Шаблі паўтары тысячы гасцей, хоць сумняваюцца, што ў гэтым годзе фестываль стане акупным.

«Ён не быў акупным ніколі. Праводзіць фестываль ў 100 кіламетрах ад Менска, у чыстым полі ў вёсцы, занадта затратна», - адзначыў Шаблінскі. Паводле яго слоў, для таго каб фестываль акупіўся, кошт квіткоў трэба падняць да 20 даляраў, а на само мерапрыемства павінна прыехаць у два разы больш чалавек. Аднак, на думку дырэктара, сямейныя людзі за такія грошы не паедуць.

Шаблінскі адзначыў, што ў краінах са спрыяльным заканадаўствам падобныя праекты пачынаюць акупляцца на дзесяты год правядзення. Пакуль жа страты «Вольнага паветра» пакрываюць партнёры, якімі ў гэтым годзе выступаюць парфумерна-касметычная фабрыка «Сонца» і Інстытут Гётэ ў Менску.

Квіткі на фестываль ужо прадаюцца ў менскіх касах па 80 тысяч рублёў. На сайтах kvitki.by і ticketpro.by іх можна купіць за 85-90 тысяч. Калі будуць прададзеныя першыя 500 квіткоў, кошт паднімецца да 100 тысяч рублёў, а потым - да 150 тысяч.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках