Патрапіў у міліцыю і памёр у рэанімацыі
132
13:40, — Палітыка
Міліцыянты заяўляюць, што затрыманы нібыта сам упаў у прыбіральні.
3 ліпеня ў Салігорску міліцыя затрымала маладога чалавека за «бытавое» хуліганства. Яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. 6 ліпеня з чэрапна-мазгавой траўмай ён трапіў у рэанімацыю. 4 жніўня, не прыходзячы ў прытомнасць, памёр, паведаміў сайт Cалігорск.org.
На сённяшні дзень гэта адзінае, пра што можна казаць дакладна ў гэтай жудаснай гісторыі. Следчы камітэт праводзіць праверку, крымінальная справа пакуль не заведзена. Ніякіх каментарыяў следчыя на дадзеным этапе даваць не гатовыя. У Салігорскім РАУС таксама пацвердзілі інфармацыю пра здарэнне, аднак, нічога больш паведаміць супрацоўнікі праваахоўных органаў не ў стане.
Атрымаць каментар дактароў апынулася няпростай задачай. У адным аддзяленні давалі тэлефон іншага і так па крузе. У заключэнне загадчык рэанімацыйным аддзяленнем пагадзіўся даць інфармацыю толькі па запыце Следчага камітэта.
Па словах блізкіх памерлага, раніцай 6 ліпеня ім патэлефанавалі са шпіталя і паведамілі, што ён знаходзіцца ў коме. Ужо ў рэанімацыі яны даведаліся, што была праведзена аперацыя па трэпанацыі чэрапа.
Па словах супрацоўнікаў міліцыі, затрыманаму стала дрэнна, ён упаў у прыбіральні і моцна стукнуўся галавой. Родныя сцвярджаюць, што ў бальнічнай картцы было запісана, што ў маладога чалавека быў прыступ эпілепсіі, чаго раней з ім ніколі не здаралася.
Стала вядома, што затрыманы, пасля атрыманых траўм, звяртаўся за дапамогай і яго адвозілі ў шпіталь. Аднак, дактары прызналі яго «годным» да адбывання пакарання. Толькі праз некалькі гадзін, ён, ужо ў несвядомым стане, быў дастаўлены ў прыёмны пакой.
Прайшло два тыдні пасля смерці чалавека, які атрымаў траўмы ў ізалятары часовага ўтрымання і здзіўляе пазіцыя супрацоўнікаў Салігорскага РАУС - гэта здарэнне ігнаруецца.
Паводле інфармацыі Салігорск.org, у ІЧУ няма асобнага туалета - ён знаходзіцца ў камеры, дзе стаяць камеры назірання. Відэа захоўваецца 30 дзён. У выпадку, калі чалавеку стала дрэнна і ён упаў, наяўнасці відэазапісу дастаткова, каб гэта пацвердзіць. Аднак, інфармацыя замоўчваецца і верагодна, што відэазапіс знікне.
Пазіцыя следчых і праваахоўных органаў кідае цень на супрацоўнікаў міліцыі. Замоўчванне інцыдэнту, вынікам якога стала смерць чалавека, на жаль, прымушае верыць у дзве версіі - альбо чалавека збілі, альбо не аказалі своечасовай медыцынскай дапамогі.
Напісаць каментар (132)
Экспарт
Новости партнеров




