20 траўня 2024, панядзелак, 23:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валерый Фралоў: Бардзюжа праверыў, ці гатовы Лукашэнка «легчы пад танкі»

40
Валерый Фралоў: Бардзюжа праверыў, ці гатовы Лукашэнка «легчы пад танкі»

Генерал Валерый Фралоў у інтэрв'ю charter97.org звязаў візіты расейскіх чыноўнікаў з праверкай гатоўнасці беларускага дыктатара абараняць Расею.

Палітык пракаментаваў апошнія візіты расейскіх чыноўнікаў у Менск і іх крытыку палітыкі Еўрапейскага Звяза ў дачыненні да Беларусі. Нагадаем, сёння генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа сказаў, што «санкцыі ў дачыненні да Беларусі неапраўданыя і непрымальныя, а абмежаванне ўезду ў краіны - гэта наогул анахранізм». Падобную пазіцыю ўчора агучыў і міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.

«Расейскія чыноўнікі абараняюць Лукашэнку, таму што разлічваюць на паглыбленне інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Расея стварае процівагу Еўрапейскаму Звязу ў выглядзе ЕўрАзЭС. Для яе важна падтрымліваць сваіх саюзнікаў у гэтым працэсе. Да таго ж, Лукашэнка зараз, сапраўды, мае патрэбу ў дапамозе», - сказаў Валерый Фралоў у інтэрв'ю charter97.org.

Што датычыцца прычын пачасціўшыхся візітаў высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў у Менск, то палітык упэўнены, што на гэта паўплывалі і падзеі, звязаныя з палётам шведскага самалёта над Беларуссю.

«Бардзюжа і Лаўроў прыязджалі ў Менск у тым ліку і для таго, каб праверыць наколькі словы Лукашэнкі, які прадстаўляе сябе ў якасці абаронцы заходніх межаў, адпавядаюць рэчаіснасці. Апошнія падзеі выклікалі заканамерныя сумневы ў гэтым у расейскага кіраўніцтва. У дадзенай сітуацыі, зусім не лішнім будзе праверыць гатоўнасць Лукашэнкі «легчы пад танкі, якія ідуць на Маскву».

Валерый Фралоў таксама распавёў аб сваім бачанні перспектыў расейска-беларускіх адносін.

«Важна адзначыць, што Беларусь да гэтага часу не правяла рэформаў, якія прайшлі ў Расеі. Расея прымае ўдзел у многіх міжнародных арганізацыях, дзе няма Беларусі. Цяжка сказаць, як доўга Масква будзе падтрымліваць нерэфармаваную беларускую эканоміку. Нашы ўлады павінны задумацца над гэтым, таму што нельга ўвесь час жыць, жабруючы», - сказаў ён.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках