banner1 banner1 banner1

18.08.2012

Беларуская глыбіня. Сеціва 15

13:57, Павел Севярынец, «Наша Ніва» — Палітыка

Беларуская глыбіня. Сеціва

Дзе яны, нашыя Навальныя?

 …І кажа ім: ідзіце за Мною!

Зраблю вас лаўцамі

людзей.

Евангелле 

паводле Мацвея 4:19

Беларусь паволі сплывае ў сеціва. Людское сумоўе, навіны, кнігі, газеты, надвор’е, карысныя парады і разумныя думкі, цікавасці і цікавосткі, ды і сам час беларуса ўсё больш і больш заблытваецца ў неабдымнай, шматмоўнай, поўнай выбраных знакаў, улюбёных мелодый, знаёмых і новых абліччаў, падуладнай аднаму толькі дотыку пальцаў прасторы. А яна, гэтая прастора, штодня выкалыхвае з доннай каламуццю, падхоплівае ды выцягвае на паверхню яшчэ не вядомыя чалавецтву бліскучыя цуды і страхалюдствы самай глыбокай у свеце беларускай глыбіні.

Менавіта ў сеціве наўпаўней усплываюць беларуская засяроджанасць і хітрамудрасць, зайздрасць і пакрыўджанасць, прыгажосць і летуценнасць, агульная млявасць і абыякавасць да жыцця.

Бясконцыя водарасці выслоўяў ды выяваў у сяброўскіх стужках, гронкі безыменнага і беспрадметнага гневу ў каментарах, кілатоны тутэйшай балотнай твані — і ніколі не бачаныя на нашай прэснаводнай сушы (не блытаць з сушы) глыбакадумныя салёнасці… Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны (са здымкамі), пружанскія плёткі (з падрабязнасцямі), тутэйшыя кошты (дзе пасля кожнае лічбы — ооо! — крыкі нулёў)… І калі ў навакольных калгасах усё яшчэ вырашаюць аб’ява ў раёнцы, хатняя тэлефонія ды радыё АБС, дык у пераважна маладзёвай камендзе большасць або «Укантакце», або на інтэрнэт-гульнях, або на сайтах сумнеўнага зместу.

Сеціва імгненна, чуйнымі позвамі, адгукаецца на тое, што сапраўды хвалюе беларускі народ, хваля нарастае, ператвараецца ў вал — і людское мора раптам ускіпае вакол выпадковага відэа ці гуку, якія трапляюць сённяшняй Беларусі ў сэрца.

Улёткі і налепкі — ужо толькі дапаможныя сігналы. Беларускія маўклівыя акцыі давялі магутнасць плыняў, народжаных у сацыяльных сетках; дык гэта летась, а з той пары Байнэт яўна пашырыўся. Еўрапейскія акцыі і арабскія вёсны мільёнамі клікаў за лічаныя дні мяняюць улады і лады жыцця. Нават Расія, да якой увогуле ўсё тугавата даходзіць, народ якой вечна безмолвствует — нарэшце закіпела праз сеціва пасля ўсё той жа сфальшаванай «парламенцкай кампаніі».

Адказ на бяссіласць «старой апазіцыі» — тры-дабл-ю.

Гаварашчая галава «кандыдата ў дэпутаты», каторы выступае па абласной тэлевізіі за ўсё добрае і супраць усяго кепскага, нікому не цікавая. А вось відэа, колькі людзей насамрэч нагамі зайшло да «выбарчых урнаў» 23 верасня ў параўнанні з афіцыйнымі дадзенымі «камісіяў», сеціва парве.

Падчас нешматлікіх масавых акцыяў беларусы павальна, поседам сядзяць у нэце.

Самы паспяховы палітычны лідар апошняй кампаніі, Саннікаў — кандыдат у прэзідэнты ад інтэрнэт-сайта. Найбольш розгаласныя беларускія праекты апошніх часоў разгортваюцца праз «кантакт», «ю-цюб», мульцікі ды фільмы, скачаныя на асабісты камп'ютар. З дэмаграфічным змяншэннем колькасці моладзі, з закручваннем гаек і ад’ездам вялікай колькасці праца-здольных за мяжу ў беларускага руху, па вялікім рахунку, застаўся адзіны рэсурс для пашырэння — кліпы, суполкі ды акцыі, накіраваныя на збіранне ды вывад актыўных анлайнераў у жыццё.

Адзіны прарыў, магчымы зараз у парламенцкай кампаніі 2012, — гэта калі мільёны беларусаў даведаюцца праўду пра факты фальсіфікацыі, выкладзеныя тысячамі відавочцаў байкоту ў нэт.

У Беларусі, дзе пяць мільёнаў карыстальнікаў і сто тысячаў блогераў, толькі праз сеціва можна паразіць зло ў такіх маштабах: тут уваход не толькі дахаты, з дрыжачым ад фальшу голасам: «Выбары!..» — але і ў асабісты пакой да кожнага другога беларуса.

І беларускасць, і свабода, выцесненыя з рэальнасці, засяляюць сеціва. І ў Беларусі, і ў волі зараз нашмат больш агульнага з нябачнасцю, умоўнасцю, паветранасцю нэту, чым сённяшняй рэчаіснасцю.

Гэта — патэнцыял. Магчымасці весці і евангелізацыю, і беларусізацыю, і грамадзянскую адукацыю, і палітычную агітацыю — бяспрыкладныя.

Наведвальнасць незалежных навінавых сайтаў сувымерная з абсягамі афіцыйных СМІ — прычым як на нацыянальным, так і на мясцовым узроўнях. І магчымасць даць беларусу ачомацца, усвядоміць сябе тым, кім ён ёсць, як ні парадаксальна — найбольшыя цяпер менавіта тут.

Няўлоўнае электрамагнітнае поле інтэрнэту — аснова альтэрнатывы прымусова падпісаным газетам, чорным бэтэшным ды расейскім тэлескрыням, вечна цёплым ад сядзення начальніцкіх задоў крэслам на райвыканкамаўскіх нарадах, іерархіям органаў і кантроляў, працоўным кантрактам і нясплачаным крэдытам, колькіслойным кратам страху — усёй грувасткай і ржавай шматпавярховай сістэме клетак рэжыму.

Дзе яны, нашы Пятры і Андрэі, лаўцы чалавекаў?..

Дзе яны, нашы Навальныя?

Знайсці і злавіць беларуса, найвялікшага адмыслоўца ў майстэрстве хавацца ў бульбу!...

Галоўнае — не заблытацца ў сеціве самім.

Бо наша мэта — не «раскруціць» сябе, не распаліць яшчэ большую нянавісць да Лукашэнкі, а выцягнуць з мора страху, падману і ўсеагульнай хлусні як мага больш яшчэ жывых людзей, якія ўрэшце зменяць воляй і верай аблічча гэтай зямлі…

Так, як было паўсюль — з лёгкім, любоўным подыхам нябачнага і няўлоўнага Святога Духа.

Павел Севярынец, «Наша Ніва»

Напісаць каментар (15)


Экспарт

          Новости партнеров




Надвор'е ў Беларусі

   18.05   19.05 
Брэст Гроза+28
+14
Ясно+27
+16
Віцебск Гроза+31
+18
Гроза+26
+17
Гомель Гроза+31
+17
Гроза+28
+17
Гродна Возможна гроза+26
+15
Возможен дождь+24
+15
Мінск Гроза+29
+14
Возможна гроза+26
+14
Магілёў Гроза+31
+17
Возможна гроза+28
+16

Курсы валют Нацыянальнага банка

Валюта  18.05.13  19.05.13
EUR11 150,0011 150,00
USD8 670,008 670,00
RUB276,00276,00


Учора на сайце:

наведвальнікаў 101001
праглядаў 748497
наведванняў 182048

Поиск отелей


Дата заезда

Дата отъезда

пн аў ср чц пт сб нд
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31

Старая версія сайта

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь:

"Артыкул 34. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскiх аб'яднанняў, аб палiтычным, эканамiчным, культурным i мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя..."

Падпіска на рассылку

Пакіньце Ваш e-mail: