Расея не гарантуе таннага газу для Беларусі
22- 2.08.2012, 21:03
Толькі пасля подпісу Пуціна лістападаўскія газавыя дамовы набудуць юрыдычную сілу.
Урад Расеі ўхваліў на сённяшнім пасяджэнні праект федэральнага закона аб ратыфікацыі беларуска-расейскага міжурадавага пагаднення аб парадку фарміравання коштаў пры пастаўке прыроднага газу ў Беларусь і яго транспарціроўке па газаправодах, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, гаворыцца ў паведамленні БелТА.
Пагадненне, падпісанае 25 лістапада 2011 года ў Маскве, прывязвае кошт газу для Беларусі да кошта, які плацяць спажыўцы Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расеі, паведамляе «Радыё Свабода».
У парадак дня пасяджэння расейскага ўрада была таксама ўнесена дамова аб куплі «Газпромам» «Белтрансгаза», падпісаная ў мінулым годзе, - адначасова з умовамі паставак газу. Згаданае пагадненне забараняе Менску ўмешвацца ў дзейнасць «Белтрансгаза» і ўстанаўлівае мінімальную нацэнку для куплі газу беларускімі спажыўцамі - у дадатак да афіцыйнага кошту газу для Беларусі. Расейскі бок, у сваю чаргу, абяцае інвеставаць у абнаўленне газатранспартнай сістэмы на тэрыторыі Беларусі і цалкам выкарыстоўваць яе транзітныя магчымасці.
Абедзве дагамовы цяпер паступяць на ратыфікацыю ў парламент Расеі. Толькі пасля ратыфікацыі і подпісу прэзідэнта Пуціна лістападаўскія беларуска-расейскія газавыя дамовы набудуць юрыдычную сілу двухбаковага міжнароднага пагаднення.