Службовыя асобы ААТ «Гроднажылбуд» папаліся на крадзяжах
22- 23.08.2012, 12:39
КДБ арыштаваў кіраўніка аднаго з вытворчых падраздзяленняў ААТ «Гроднажылбуд», які на працягу доўгага часу прысвойваў маёмасць прадпрыемства.
Пра гэта паведамляе прэс-цэнтр КДБ РБ.
Па дадзеным факце ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 арт.210 КК РБ (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі).
У ходзе аператыўна-следчых дзеянняў выяўлены яшчэ адзін падазраваны - блізкі сваяк кіраўніка, які таксама з'яўляецца службовай асобай ААТ «Гроднажылбуд», які выкарыстоўваў выкрадзеную маёмасць пры будаўніцтве ўласнага дома.
Устаноўлена, што крадзеж будаўнічых матэрыялаў ажыццяўляўся па дамоўленасці з іншымі службовымі асобамі акцыянернага таварыства. Вынікам такіх дзеянняў стала істотнае падаражэнне будаўніча-мантажных работ, якія ажыццяўляюцца ААТ «Гроднажылбуд», паколькі прысвоеныя матэрыяльныя каштоўнасці спісваліся пад выглядам выкарыстання на аб'ектах афіцыйнага будаўніцтва.