Жыхарам Малінаўкі прапануюць яшчэ пацярпець
6- 23.08.2012, 12:49
У сувязі з завяршэннем работ па ўводу ў эксплуатацыю ўчастка падаўжэння першай лініі метро ад «Пятроўшчыны» да «Малінаўкі», 3 чэрвеня быў зачынены ўчастак вуліцы Ясеніна ад Слабадской да пр. Дзяржынскага.
Жыхарам Малінаўкі, якім цяпер даводзіцца выязджаць у горад, робячы крук праз вуліцу Касманаўтаў, паабяцалі, што праз тры месяцы рух будзе адноўлены.
Аднак у ДАІ Маскоўскага раёна TUT.BY распавялі, што на 99% адкрыццё гэтага адрэзка дарогі будзе перанесена на нявызначаны тэрмін, і параілі звярнуцца ў Менгарвыканкам для высвятлення ўсіх абставін.
Сталічныя ўлады былі здзіўлены - яны і не меркавалі, што «маленькая транспартная артэрыя» так важная для насельнікаў гэтага спальнага раёна, і пацвердзілі, што перанос тэрмінаў магчымы. За якімі-небудзь каментарамі журналістаў адправілі ва УП «Дырэкцыя па будаўніцтве Менскага метрапалітэна».
Начальнік УП «Дырэкцыі па будаўніцтве Менскага метрапалітэна» Павел Царун быў вельмі асцярожны ў выказваннях.
- У цяперашні час мы адпрацоўваем гэтае пытанне. Дакладная дата адкрыцця пакуль не вызначана, будзем удакладняць. У бліжэйшы час будуць унесены змены ў тэрміны і абвешчаны грамадскасці. Вы паглядзіце, што там робіцца. Ідуць поўным ходам земляныя работы, бэлькі тырчаць...
Першапачатковую дату, калі ж планавалася адкрыць рух участка вуліцы Ясеніна ад Слабадской да праспекта Дзяржынскага, Павел Царун узгадаць не змог.
Так што жыхарам Малінаўкі давядзецца пачакаць. Пытанне, як доўга?