Нямецкія сацыял-дэмакраты заклікаюць «спусціць штаны» са свайго МУС
4- 29.08.2012, 9:20
Нагодай стала тое, што нямецкая паліцыя дапамагала беларускім сілавікам.
Нямецкая апазіцыйная Сацыял-дэмакратычная партыя назвала ашуканствам тлумачэнні міністра ўнутраных спраў Ханса-Петэра Фрыдрыха з нагоды супрацоўніцтва з Беларуссю.
СДПГ мае намер як мага хутчэй запрасіць міністра на пасяджэнне парламенцкага камітэта па ўнутраных справах, паведамляе БелаПАН са спасылкай на нямецкае выданне Der Tagesspiegel. Левая партыя і «зялёныя» падрыхтавалі спіс пытанняў да ўраду. Яны патрабуюць ад Фрыдрыха тлумачэнняў наконт паставак рыштунку сілавікам Беларусі. Напярэдадні МУС Германіі паведаміў, што перадаваў афіцыйнаму Менску кампутары, праграмнае забеспячэнне, відэакамеры і тры аўтамабіля «Фольксваген», а гумовыя дубінкі - па крайняй меры, па лініі міністэрства - не пастаўляліся. Апазіцыя палічыла гэтую інфармацыю недастатковай.
Прадстаўнік фракцыі СДПГ па ўнутраных справах Міхаэль Хартман заявіў: «Тлумачэнні федэральнага міністэрства расплывістыя і двухсэнсоўныя. Міністэрству пара спусціць штаны».
Як паведамляў сайт charter97.org, у Германіі ўжо некалькі дзён доўжыцца скандал вакол супрацоўніцтва нямецкіх і беларускіх сілавікоў. Нямецкія журналісты паведамляюць, што беларускіх міліцыянтаў навучалі разганяць акцыі пратэсту. Паводле некаторых звестак, супрацоўніцтва працягвалася да вясны 2012 года, хоць нямецкія чыноўнікі заяўлялі, што яно было спынена пасля жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года.