Чыноўнікі з «чорнага» спісу ЕЗ клянчаць візы ў Літвы
13- 29.08.2012, 11:34
Унесеныя ў «чорны» спіс ЕЗ чыноўнікі некалькі разоў спрабавалі атрымаць візу праз амбасаду Літвы ў Беларусі.
Аднак МЗС Літвы сцвярджае, што ім адмаўлялі.
«Было некалькі выпадкаў, калі грамадзяне Беларусі, уключаныя ў «чорны» спіс ЕЗ, звярталіся за візай у амбасаду Літвы ў Беларусі. Амбасада адмовілася выдаць ім візы», - сказала загадчыца аддзела інфармавання грамадскасці МЗС Літвы Гіна Казлаўскене.
«Звесткі аб тых, хто падае на візу, дэталёва аналізуюцца, кажуць у МЗС. Калі ж за візай звяртаецца чалавек з такім жа імем і прозвішчам, як у чалавека з «чорнага» спісу ЕЗ, то яго дакументы правяраюць кампетэнтныя ўстановы Літвы, каб высветліць асобу», - сказала прадстаўнік МЗС Літвы ў інтэрв'ю «Еўрарадыё».
«Дзяржаўная памежная служба ў межах сваёй кампетэнцыі і згодна з адпаведнымі працэдурамі ажыццяўляе праверку асоб, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу. Грамадзяне Беларусі, якім выдадзеная сапраўдная віза, і імя, імя па бацьку і прозвішча якіх супадае з унесенымі ў спіс грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС, падлягаюць працэдурам звычайнага кантролю», - запэўнілі ў літоўскім МЗС.
Нагадаем, усяго ў «чорным» спісе ЕЗ 249 прадстаўнікоў кіраўніцтва Беларусі на чале з Лукашэнкай, а таксама журналісты і суддзі, адказныя за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі. Усім ім забаронены ўезд у краіны ЕЗ, а іх банкаўскія рахункі замарожаныя.