У Польшчы затрымалі былога гендырэктара «Пінскдрэва»
56- 29.08.2012, 16:09
(абноўлена) Затрыманне адбылося пасля звароту прадстаўнікоў беларускага Інтэрпола да польскай паліцыі.
Аб гэтым паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на РАР.
Польская паліцыя высветліла, што Лоран Арыніч жыве каля горада Радам у арандаваным доме. Была падрыхтавана засада, з якой ішло назіранне за раёнам і домам. Калі ў паліцыі не засталося сумневаў, што ў доме жыве Арыніч, ён быў арыштаваны. Былы дырэктар «Пінскдрэва» быў вельмі здзіўлены затрыманню і не супраціўляўся. Ён быў дастаўлены ў паліцэйскі ўчастак, дзе будзе чакаць судовага рашэння па пытанні экстрадыцыі ў Беларусь. Генеральная пракуратура Беларусі зараз рыхтуе матэрыялы для экстрадыцыі Арыніча з Польшчы.
Нагадаем, 25 кастрычніка 2010 года на фабрыцы «Пінскдрэў ДСП» адбыўся выбух. Загінулі 14 чалавек, а яшчэ 21 рабочы атрымаў траўмы рознай ступені цяжкасці.
23 сакавіка 2012 года адбыўся суд па крымінальнай справе аб выбуху на «Пінскдрэве». У якасці абвінавачаных перад судом паўсталі былыя галоўны інжынер «ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» Уладзімір Шастакоў, дырэктар «Пінскдрэў-ДСП» Леанід Логвін і галоўны інжынер гэтага прадпрыемства Ігар Логвін.
Суд прызнаў усіх трох вінаватымі. Леанід Логвін быў прызнаны вінаватым у службовай халатнасці і прысуджаны да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Ігара Логвіна і Уладзіміра Шастакова суд прызнаў вінаватымі ў парушэнні пажарнай бяспекі, якая прывяла да гібелі людзей і нанясенні матэрыяльнай шкоды ў буйным памеры. Логвін быў прысуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады з накіраваннем у выпраўленчую калонію ва ўмовах пасялення, Шастакоў - да такога жа пакарання на 4 гады.
Спачатку супрацоўнікі праваахоўных органаў паведамлялі, што гендырэктар «Пінскдрэва» Лоран Арыніч з іх ведама знаходзіцца на лячэнні ў Польшчы. Аднак восенню 2011 ён быў аб'яўлены ў вышук. Тады заяўлялася, што калі ён сам не вернецца на радзіму, то пытанне аб яго выдачы будзе вырашацца на ўзроўні Генеральных пракуратур Беларусі і Польшчы.