МУС земляў ФРГ тлумачыць свае супрацоўніцтва з Беларуссю
3- 29.08.2012, 16:53
Нямецкія журналісты працягваюць расследаваць тэму скандальнага супрацоўніцтва паміж сілавікамі Германіі і Беларусі.
Свае тлумачэнні СМІ далі міністэрства ўнутраных спраў федэральных зямель Саксонія і Рэйнланд-Пфальц, паведамляе «Радыё Свабода».
Паводле інфармацыі дрэздэнскага выдання Sächsische Zeitung, федэральнае міністэрства ўнутраных спраў ФРГ не выпадкова даручыла Саксоніі вучыць беларускіх амапаўцаў: менавіта саксонскія спецыяльныя паліцэйскія фармаванні маюць шырокі вопыт забеспячэння бяспекі ў грамадстве і актыўна супрацоўнічаюць у гэтых пытаннях з дзяржавамі Сярэдняй і Усходняй Еўропы.
Як паведамілі ў штаб-кватэры дрэздэнскай паліцыі, у пачатку 2010 года дэлегацыя нямецкіх сілавікоў на чале з кіраўніком саксонскага паліцэйскага спэцназу наведала Менск і правяла перамовы з беларускімі калегамі.
Гаворка ішла аб стажыроўцы беларускіх міліцыянтаў у сферы забеспячэння бяспекі падчас буйных спартыўных мерапрыемстваў. Было вырашана, што на навучанне ў Саксонію накіруюць некалькіх кіраўнікоў беларускай міліцыі.
Дрэздэнская паліцыя адказвала за навучанне прадстаўнікоў спецназа міліцыі. Немцы перадалі беларусам свой вопыт блакавання шматтысячнай бойкі паміж неанацыстамі і левымі, якая адбылася ў лютым 2010 года ў Дрэздэне падчас дэманстрацыі з нагоды 66 гадавіны бамбаванняў горада авіяцыяй саюзнікаў. Тады нямецкія паліцыянты выкарысталі слёзатачывы газ і вадамёты.
Другая беларуская стажыроўка ў Саксоніі адбылася ў лістападзе 2010 года. Яна складалася ў назіранні за тым, як нямецкія паліцыянты суправаджаюць цягнік з ядзернымі адходамі з Францыі ў сховішча ў нямецкім мястэчку Горлебен. Ядзерныя адходы транспартаваліся ў спецыяльных кантэйнерах маркі Castor.
Штогод у Францыі і ў Германіі праводзяцца масавыя акцыі пратэсту пад лозунгам «Спынім Castor-перавозкі». Гэтыя акцыі ствараюць сур'ёзныя праблемы для нямецкай паліцыі. У суправаджэнні такіх цягнікоў задзейнічаюцца каля 20 тысяч паліцэйскіх.
Таксама восенню 2010 года саксонскія паліцыянты разам з калегамі з іншай федэральнай зямлі - Бадэн-Вюртэмберг - у чарговы раз наведалі Менск, каб правесці трэнінг па пытаннях магчымых мер бяспекі падчас Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года.
Як вынікае з тлумачэнняў кіраўніцтва дрэздэнскай паліцыі, супрацоўніцтва паміж саксонскімі і беларускімі сілавікамі скончылася ў лістападзе 2010 года. Фінансавалася яно за кошт федэральнага міністэрства ўнутраных спраў у Берліне. Пры гэтым, кіраўніцтва саксонскай паліцыі сцвярджае, што дубінкі, бронекамізэлькі і шчыты ў Беларусь не пастаўляліся.
Тым часам аглядальнікі інфармацыйнага агенцтва DPA і аднаго з самых аўтарытэтных нямецкіх выданняў Frankfurter Allgemeine не выключаюць, што падобнае паліцэйскае ўзбраенне магло накіроўвацца ў Менск праз іншыя зямельныя ведамствы або праз Саюз спецыяльеных атрадаў паліцыі.
У сувязі з гэтым журналісты запатрабавалі тлумачэнняў ад іншых рэгіянальных міністэрстваў. Сёння аб сваім няўдзеле ў супрацоўніцтве з беларускімі сілавікамі нямецкім СМІ заявіла кіраўніцтва федэральнай зямлі Рэйнланд-Пфальц. У міністэрстве ўнутраных спраў гэтай зямлі ў Майнцы падкрэслілі, што яны не маюць ніякага дачынення да паставак у Менск кампутарнага і відэаабсталявання, дубінак і шчытоў.
Па апошняй інфармацыі, размешчанай у нямецкіх выданнях, фінансаванне «беларускага праекту» склала прыкладна 200 тысяч еўра.