10 чэрвеня 2026, Серада, 4:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі працягваюцца палітычныя выкраданні

50
У Беларусі працягваюцца палітычныя выкраданні

Праваабаронцу Алену Красоўскую-Каспяровіч вывезлі за горад.

Як паведамляе сайт «Платформы», невядомыя асобы ў цывільным забралі намесніка старшыні арганізацыі з турмы на Акрэсціна і павезлі ў машыне без нумароў у невядомым накірунку.

У гэты час супрацоўнікі ЦІП і Партызанскага РУУС Менска заявілі адвакату Алены і супрацоўнікам «Платформы», што яе павезлі ў суд Партызанскага раёна Менска.

Як стала вядома праз некалькі гадзін, за горадам людзі ў цывільным без тлумачэння прычын рэзка спынілі машыну і запатрабавалі, каб праваабаронца выйшла. Затым ёй перадалі пакет з рэчамі, і аўтамабіль з'ехаў.

Спыніўшы маршрутку, Алена сама дабралася дадому і звязалася з калегамі. Сваё затрыманне намеснік старшыні «Платформы» звязвае з узмоцненым ціскам на ўстанову.

- Вельмі крыўдна, што органы, якія здзяйснялі маё затрыманне, маюць права і магчымасць парушаць усе мажлівыя і немажлівыя законы. Мне цяжка судзіць, якой рэакцыі яны чакалі ад мяне, але магу з упэўненасцю сказаць, што затрыманнем і 3-ма суткамі на Акрэсціна мяне не напалохалі, - заявіла Алена Красоўская-Каспяровіч, паабяцаўшы працягваць сваю праваабарончую дзейнасць.

Алена Красоўская-Каспяровіч знікла 31 ліпеня, калі падчас размовы па мабільным сувязь з ёй перапынілася. Некалькі дзён супрацоўнікі «Платформы» шукалі сваю калегу. 1 жніўня яна «знайшлася» у ЦІП на Акрэсціна. Жанчыну затрымалі каля дома супрацоўнікі міліцыі, даставілі ў апорны пункт, дзе склалі пратакол нібыта за нецэнзурную лаянку, і адправілі ў ізалятар.

Нагадаем, у снежні 2009 года былі выкрадзеныя адразу некалькі лідэраў беларускай апазіцыі. Сярод іх - Зміцер Дашкевіч, Яўген Афнагель, Уладзімір Лемеш, Артур Фінкевіч, Наста Палажанка. Тады маладых людзей таксама выкралі невядомыя і вывезлі за горад.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках