Стваральнік групы «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» знайшоўся ў КДБ
9- 31.08.2012, 10:34
Аб знікненні Алега Шрамука стала вядома днём 30 жніўня, калі яго пачалі шукаць сябры.
На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» ён быў у статусе «анлайн», але на званкі не адказваў. Апоўначы Алег Шрамук паведаміў, што быў на допыце ў віцебскім КДБ, перадае «Радыё Свабода».
Сябар Шрамука Зміцер Дашкевіч кажа, што размаўляў з Алегам ноччу. Той сказаў, што допыт у КДБ праходзіў «нармальна», што яго «не білі», і абяцаў пра ўсё растлумачыць пазней.
Са слоў жонкі Алесі Шрамук Дашкевічу вядома толькі тое, што хлопца затрымалі супрацоўнікі міліцыі Кастрычніцкага раёна Віцебска і байцы спецназу міліцыі. Яны ўварваліся ў кватэру і без тлумачэння прычын забралі Алега нібыта ў Кастрычніцкі РАУС.
Калі Зміцер Дашкевіч спрабаваў высветліць прычыну затрымання ўжо ў аддзяленні міліцыі, яго таксама затрымалі, дапыталі і знялі адбіткі пальцаў. Потым патлумачылі, што Алег Шрамук быў затрыманы за нібыта незаконныя раскопкі і што з райаддзела ён быў дастаўлены ў інспекцыю выканання пакаранняў і пасля допыту ў 14:30 яго адпусцілі.
Аднак хлопец не адказваў па тэлефоне, знаёмыя не ведалі, дзе ён. І сваякі ўжо збіраліся падаваць заяву аб яго знікненні, аднак Шрамук сам адгукнуўся, калі выйшаў з допыту ў КДБ.