Суд над Марголіным і Васільевым перанесены на 10 жніўня
5- 6.08.2012, 13:23
Апазіцыянеры настаялі на выкліку ў суд міліцэйскага начальства Барысава і члена акруговага выбаркама.
Суддзя барысаўскага раённага суда Ірына Пасюк не змагла прыняць рашэнне па адміністрацыйнай справе супраць намесніка старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Льва Марголіна і актывіста Міхаіла Васільева, паведамляе «Радыё Свабода».
Наступнае пасяджэнне прызначанае на 10 жніўня.
«На пасяджэнні, якое пачалося сёння ў 10:50 у кабінеце суддзі Ірыны Пасюк, я адразу заявіў хадайніцтва аб неабходнасці выкліку начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Барысаўскага РАУС маёра міліцыі Уладзіміра Волкава, а таксама прадстаўніка акруговай выбарчай камісіі Барысаўскай гарадской выбарчай акругі № 62.
Без тлумачэння гэтых асоб цяжка зразумець, чаму 5 жніўня быў сарваны пікет АГП па збору подпісаў каля універмага «Вясна», а я і Міхаіл Васільеў былі затрыманыя і дастаўленыя ў Барысаўскі РАУС», - сказаў Леў Марголін.
Як паведамляў сайт charter97.org, на Льва Марголіна і Міхаіла Васільева міліцыянты склалі пратакол за тое, што яны нібыта парушылі правілы правядзення масавых мерапрыемстваў. Маёр міліцыі Уладзімір Волкаў прычынай забароны пікету назваў лозунг «За сумленныя выбары без Лукашэнкі». Паводле яго слоў, гэты лозунг - не перадвыбарная агітацыя, а выказванні «асабістага непрыязнага стаўлення» да беларускага кіраўніка.