Метрапалітэн абяцае пакуль не павышаць кошт праезду
18- 7.08.2012, 12:03
Начальнік Менскага метрапалітэна Расціслаў Юрэня заяўляе, што ў гэтым годзе кошт праезду ў метро павышаць не плануецца.
«Пакуль не было прапаноў па павелічэнні кошту праезду (у гэтым годзе - ІФ)», - заявіў Расціслаў Юрэня на прэс-канферэнцыі ў аўторак у Менску, піша «Інтэрфакс».
Паводле яго слоў, у цяперашні час адна паездка ў менскім метро каштуе Br1,5 тыс. «Сабекошт кожны месяц змяняецца ў залежнасці ад кошта на электраэнергію, рамонт.
Згодна з сабекоштам, адна паездка пасажыра каштуе ў раёне Br3,8-4 тыс.», - сказаў начальнік Менскага метрапалітэна.
Ён таксама растлумачыў, што метрапалітэн не ўстанаўлівае кошт на праезд - ён яго толькі прапаноўвае. Прымае рашэнне па гэтым пытанні Менгарвыканкам па ўзгадненню з міністэрствам фінансаў, удакладніў Р.Юрэня.
Ён таксама паведаміў, што ў менскім метро плануецца ўсталяваць лакалізатары выбухаў.
«Мы плануем набыць лакалізатары выбухаў. Гэтыя прылады будуць выкарыстоўвацца для павышэння бяспекі ў менскім метрапалітэне», - сказаў Р.Юрэня.