У гэтым годзе ВНУ недабралі платнікаў: перагнулі з коштамі?
61- 7.08.2012, 13:06
ВНУ залічылі на першы курс бюджэтнікаў, а на днях - і платнікаў.
Не тое каб тут чакаўся вялікі конкурс, але і сур'ёзнага недабору не планавалі. Аказалася, што жадаючых вучыцца за грошы ў гэтым годзе не вельмі шмат, піша onliner.by.
Амаль ва ўсіх ВНУ недабор. У БДУІР на факультэце інфармацыйных тэхналогій і кіравання пры плане прыёму на дзённую платную форму навучання 240 чалавек усяго 103 заявы. На факультэце тэлекамунікацый было 110 месцаў, а тых, хто жадае - у тры разы менш. Ажыятаж назіраўся толькі на факультэце камп'ютэрных сістэм і сетак: план прыёму - 290, жадаючых - 363 чалавека. Нагадаем, ВНУ павысіла кошт навучання на 40-50%: за год прыйдзецца плаціць ад 12,7 да 14,7 млн рублёў у залежнасці ад факультэта.
У БДУ без праблем набралі платнікаў на біялагічны факультэт, ФМА, у Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій. А вось вучыцца за грошы на мехмаце выказалі жаданне 18 абітурыентаў (пры плане прыёму 80), на ФПМІ - 37 пры плане прыёму 130, на факультэце радыёфізікі і камп'ютэрных тэхналогій - усяго 3 чалавекі.
У БДПУ ім. Максіма Танка конкурс на платнае дзённае адсутнічае па ўсіх напрамках, акрамя спецыяльнасці «Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)».
А вось у самым дарагім беларускім ВНУ - БДМУ - з першакурснікамі-платнікамі ўсё ў поўным парадку. Высокія кошты (ад 12,5 да 16 млн у год) будучых медыкаў не палохалі - планы прыёму выкананы на ўсіх факультэтах.
У ВНУ не спяшаюцца звязваць недабор з коштам навучання.