КДБ: Звяртацца ў Інтэрпол пакуль не будзем
28- 9.08.2012, 13:28
Беларускія спецслужбы лічаць, што пад імёнамі Кромвела і Мазэцці могуць хавацца іншыя асобы.
Камітэт дзяржбяспекі звяртаецца да ўлад Швецыі і Літвы па дапамогу ў расследаванні нелегальнага палёту шведаў над нашай краінай. А вось у Інтэрпол - чамусьці не. У КДБ «Еўрарадыё» тлумачаць чаму:
«Магчыма, гэта іх псеўданімы. Як звычайна гэта бывае. Тут жа цяжка сказаць. Таму мы накіроўвалі толькі ў Літву і Швецыю запыты».
У КДБ прызнаюць, што ехаць шведам ў Беларусь зусім не абавязкова - дапытаць могуць на месцы свае, шведскія спецслужбы:
«Мы дасылаем пэўныя дакументы на афіцыйным узроўні. Міжнароднае заканадаўства прадугледжвае магчымасць праводзіць допыты і мерапрыемствы следчымі тых органаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі іншых краін».
Цікава: калі шведы падчас такога допыту прызнаюцца следчым у парушэнні мяжы Еўразвяза - ці не будзе гэта падставай для затрымання?
Праўда, у КДБ настойваюць, што хацелі б правесці вочную стаўку паміж затрыманымі Сурапіным і Башарымавым з аднаго боку і арганізатарамі «цацачнага дэсанта» - з другога.
Ёсць і яшчэ адна магчымасць паразмаўляць са шведамі наўпрост - паехаць у Швецыю самім. У КДБ такі варыянт выклікае здзіўленне. Маўляў, статус беларускіх чэкістаў у скандынаўскай краіне будзе невядомым.
Кіраўнік Studio Total Пер Кромвел упэўнены, што паліцыя Швецыі не пойдзе на супрацоўніцтва з беларускімі спецслужбамі.
«Я не думаю, што шведская паліцыя будзе супрацоўнічаць з КДБ. Магчыма, яны скантактуюцца з намі, я дапускаю, што гэта здарыцца. Але да гэтага часу ніякіх кантактаў з паліцыяй у нас не было, ніхто не звяртаўся да нас», - сказаў ён.
У КДБ зараз чакаюць адказу з Літвы і Швецыі і спадзяюцца, што «неяк адрэагаваць на парушэнне паветранай прасторы NATO» прыйдзецца. Ход следства па справе Сурапіна і Башарымава таксама звязваюць выключна з адказам праваахоўнікаў гэтых краін.