28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Tagesspiegel: У Германіі няма выразнай лініі ў адносінах да дыктатара

16
Tagesspiegel: У Германіі няма выразнай лініі ў адносінах да дыктатара

У ФРГ працягваецца скандал, звязаны з трэнінгамі для беларускіх міліцыянтаў.

Заўтра ў Бундэстагу пройдзе спецыяльнае пасяджэнне камісіі па расследаванню супрацоўніцтва паміж сілавікамі дзвюх краін. У ёй, як паведамляў сайт charter97.org, прыме ўдзел кіраўнік МУС ФРГ Ханс-Петэр Фрыдрых.

Дэпутаты чакаюць адказаў міністра з нагоды скандальнага супрацоўніцтва нямецкіх і беларускіх сілавікоў, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на берлінскае выданне Tagesspiegel.

Аднак тэма размовы нашмат шырэй канкрэтнага праекта. У фокусе абмеркавання будзе нямецкая знешняя палітыка ў дачыненні да аўтарытарных рэжымаў.

Як магло здарыцца, што нямецкія эксперты вучылі не толькі беларускіх памежнікаў, але і міліцыянтаў, якіх рэжым кідае збіваць мірных дэманстрантаў? Чаму федэральны ўрад захоўвае маўчанне пра гэта на працягу некалькіх гадоў? Калі ўрадавыя чыноўнікі робяць сакрэт з падрыхтоўкі міліцыянтаў, то што яшчэ яны могуць замоўчваць? Такія пытанні задае напярэдадні пасяджэння парламенцкай камісіі аўтар артыкула Клаўдыя фон Зальцэн.

Міністр Фрыдрых заняў пасаду, калі адукацыйны праект з Беларуссю ўжо падышоў да канца.

Узгадняў супрацоўніцтва тагачасны кіраўнік ведамства, таксама член ХДС Вольфганг Шойбле. І рабіў ён гэта са згоды тагачаснага кіраўніка МЗС і цяперашняга кіраўніка сацыял-дэмакратычнай парламенцкай фракцыі Франка-Вальтэра Штайнмаера. Тое, што абодва міністэрства цяпер імкнуцца зрушыць акцэнты і паменшыць сваю адказнасць, выглядае як ганебнае акцёрства.

Так, нямецкая паліцыя сапраўды мае годны пераймання вопыт баявых аперацый. Напрыклад, здабыты на працягу многіх гадоў у Афганістане. Але Беларусь не з тых краін, якія развіваюцца ў накірунку дэмакратыі і вяршэнства закона.

Пасля таго як у 2008 годзе Аляксандр Лукашэнка вызваліў некаторых палітвязняў, ЕЗ замарозіў санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму. У Брусэлі тыя дзеянні Менска тады ўспрынялі як спробу Беларусі наблізіцца да Еўропы. На самой справе, гэта быў звычайны тактычны ход, які Лукашэнка рэгулярна ўжывае ў адносінах з ЕЗ і Расеяй: робіць крок у адзін бок, потым два - у другі. У любым выпадку, гэта зусім не знак гатоўнасці Менска да рэформаў.

Нават калі ЕЗ і рабіў стаўку на збліжэнне з Беларуссю замест ізаляцыі, застаецца ўсё ж загадкай: чаму з усіх магчымых праектаў была абраная менавіта праграма падрыхтоўкі беларускай міліцыі і дапамогі ёй? Гэта ж сілавая структура, без якой рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі існаваць не можа. І тут гаворка ідзе не проста аб асобным семінары або асобных міністрах, а пра тое, што нямецкая знешняя палітыка не мае дакладнай лініі ў дачыненні да дыктатур і аўтарытарных рэжымаў. Гаворка пра тое, якія ўрады могуць разлічваць на падтрымку Германіі, а якія - не.

Праект з Беларуссю дэманструе дрэннае палітычнае чуццё немцаў у адносінах да дыктатур. Немцам здаецца, што, праслухаўшы пару-тройку лекцый на прававыя тэмы, беларускія міліцыянты зблізяцца з грамадзянамі сваёй краіны і ўстануць на шлях захавання іх праў. Згодна з гэтай пазіцыяй, у якасці наступнага кроку ад нямецкай паліцыі можна чакаць запрашэння ў Берлін іранскай рэвалюцыйнай гвардыі, каб назіраць за паліцэйскімі дзеяннямі падчас шматтысячнай першамайскай дэманстрацыі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках