19 траўня 2024, Нядзеля, 8:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кандыдаты ўспомнілі пра палітвязняў

1
Кандыдаты ўспомнілі пра палітвязняў

У дзень уступлення ў сілу прысуду Дашкевічу кандыдаты ў «дэпутаты» выступілі ў абарону палітвязня.

Сайт «Маладога Фронту» прыводзіць тэкст звароту, які падпісалі 114 чалавек:

«28 жніўня 2012 года лідэр «Маладога Фронту», палітвязень Зміцер Дашкевіч быў асуджаны на год пазбаўлення волі нібыта «за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». Арыштаваны 18 снежня, напярэдадні дня галасавання прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, ён быў прысуджаны да двух гадоў калоніі строгага рэжыму на падставе ілжывага сведчання нібыта пацярпелых. У іх ролі паўсталі раней судзімыя міліцэйскія правакатары.

Непавага да ўласных законаў і міжнародных абавязацельстваў, пастаянныя рэпрэсіі, жорсткі пераслед апанентаў, міжнароднае асуджэнне і ізаляцыя - гэта ўсё больш характарызуе ўладу ў Беларусі.

Аднаўленне бесканфліктнасці і ўзаемавыгадных адносін з краінамі Еўрапейскага Звяза і ЗША немагчыма без вызвалення палітвязняў. Краіна не выйдзе з самаізаляцыі, пакуль у беларускіх турмах знаходзяцца зняволеныя, асуджаныя за свае перакананні. Цывілізаваныя краіны і прадпрымальнікі таксама не зацікаўлены інвеставаць у эканоміку дзяржавы, якая груба і сістэматычна парушае асабістыя законы і міжнародныя дамовы.

Чарговы прысуд Зміцеру Дашкевічу, вынесены да заканчэння тэрміну папярэдняга, - гэта яшчэ адзін сродак у арсенале рэпрэсій беларускіх улад. Пераследы, якім падвяргаецца Дашкевіч, носяць выразна палітычны характар і супярэчаць міжнародным абавязацельствам Беларусі, у прыватнасці па недапушчэнні жорсткага і бесчалавечнага абыходжання і пакарання, - упэўненыя беларускія і міжнародныя праваабаронцы.

Мы, кандыдаты ў дэпутаты «палаты прадстаўнікоў», прадстаўляем розныя дэмакратычныя партыі і рухі. У нас могуць быць свае погляды на будучыню нашай краіны, розныя стратэгіі ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Але ўсіх нас аб'ядноўвае імкненне дамагчыся таго, каб Беларусь стала дэмакратычнай краінай без паліцэйскага пераследу іншадумцаў, без палітычных зняволеных. Таму мы заяўляем:

Свабоду Зміцеру Дашкевічу!

Свабоду палітвязням! Свабоду Мікалаю Статкевічу, Мікалаю Аўтуховічу, Паўлу Севярынцу, Алесю Бяляцкаму, Эдуарду Лобаву, Сяргею Каваленке, Васілю Парфянкову, Ігару Аліневічу, Аляксандру Францкевічу, Мікалаю Дзядку, Яўгену Васьковічу, Паўлу Сырамалотаву, Арцёму Пракапенке!».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках