Назіральнік ПА АБСЕ: Людзей на участках няма!
179- 23.09.2012, 17:16
Міжнародныя назіральнікі адзначаюць, што беларусы байкатуюць «выбары».
Анджэй Яворскі з польскай партыі «Права і справядлівасць», назіральнік ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ, лічыць, што беларускія «выбары» далёкія ад дэмакратычных стандартаў. «Ні ў адной дзяржаве ЕЗ на выбарчых участках не ўбачыш прылаўкаў з каўбасой ці спіртнымі напоямі па заніжаных коштах. А ў Беларусі менавіта так завабліваюць выбаршчыкаў на выбарчыя ўчасткі. Але нават нягледзячы на «выбарчую каўбасу», людзі не ідуць галасаваць», - сказаў назіральнік тэлеканалу TVP Info (пераклад - charter97.org).
«Мы не бачым людзей на ўчастку, а прадстаўнікі камісій нам паведамляюць, што пэўная колькасць адсоткаў ужо прагаласавала», - заявіў назіральнік. Таму, лічыць, ён галоўная задача для назіральнікаў цяпер - гэта кантраляваць лік тых, хто прагаласаваў, паколькі для Лукашэнкі вельмі важна, каб «выбары» прайшлі з высокім адсоткам тых, хто прагаласаваў, так што можна чакаць, што асноўныя фальсіфікацыі будуць звязаны менавіта з гэтым.
Анджэй Яворскі, які назірае за выбарамі ў Менскім раёне, адзначыў таксама, што на многіх участках выстаўлена толькі адна кандыдатура, прычым фатаграфіі кандыдата вывешаны не толькі перад выбарчым участкам, але таксама і ўнутры. «Так што ва ўлад тут поўны кантроль над тым, хто будзе абраны», - канстатуе назіральнік.
Адказваючы на пытанне вядучага праграмы навін TVP Info аб тым, ці чуў ён выказванне Аляксандра Лукашэнкі, што палякі маглі б навучыцца арганізоўваць выбары ў Беларусі, Анджэй Яворскі сказаў: «Я прымаў удзел і быў у якасці назіральніка на шматлікіх выбарах і галасаваннях, у тым ліку я быў у Егіпце, калі яны мянялі сваю канстытуцыю, і хачу сказаць, што нават егіпцяне выдатна разумелі, што такое дэмакратыя, там не было такіх парушэнняў, як мы бачым у Беларусі».