Rzeczpospolita: Беларускія «выбары» нікому не цікавыя
4- 23.09.2012, 17:19
Нават дзяржаўная прэса не надае ўвагі «выбарчай кампаніі».
На першых старонках дзяржаўных газет змешчаны фатаграфіі ўсмешлівага Лукашэнкі, які прымае каравай хлеба на «Дажынках» або ўручае ўзнагароды «героям уборкі ўраджаю», піша польская газета Rzeczpospolita (пераклад - charter97.org).
Найбуйнейшая дзяржаўная газета «Советская Белоруссия» у артыкуле «Дзякуем за працу» падкрэслівае, што ў гэтым годзе сабраны рэкордны ўраджай, а святочны графік Лукашэнкі «традыцыйна пачаўся з рабочай часткі», паколькі ў Горках ён наведаў малочныя і рыбныя прадпрыемствы.
Урадавая газета «Звязда» азагаловіла свой тэкст «Беларускі селянін не застаўся сам-насам з праблемамі сельскай гаспадаркі» і ўжо ў першым сказе інфармуе, што кіраўнік прыняў удзел у фестывалі працаўнікоў вёскі». Лукашэнка лічыць рэальным тое, што ўжо ў канцы 2013 года сярэдняя зарплата складзе 600 даляраў пры ўмове, што прадпрыемствы будуць мадэрнізавацца, звяртае ўвагу газета.
У газеце «Рэспублiка» першыя тры старонкі займае выключна інфармацыя аб «Дажынках». Пра «выбары» газета ўзгадвае толькі на чацвёртай старонцы, звяртаючы ўвагу на тое, што ўдзел у іх - гэта «грамадзянскі абавязак».
«Рэспублiка» і «Звязда» прыводзяць меркаванне сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, што датэрміновыя выбары, якія пачаліся ў аўторак, праходзяць «спакойна і ў поўнай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам». «Парушэнні праў выбаршчыкаў не зарэгістравана», - цытуе Лазавіка «Звязда».
Гэтая газета змясціла таксама каментар падзей за тыдзень, падрыхтаваны праўрадавым палітолагам Вадзімам Гігіным, які піша пра «цалкам незразумелы крок двух палітычных партый, Аб'яднанай грамадзянскай партыі і Беларускага народнага фронту, якія перад самым пачаткам галасавання адклікалі сваіх кандыдатаў». Гігін ацэньвае, што нельга сур'ёзна ставіцца да выказванняў прадстаўнікоў гэтых партый аб несправядлівых выбарах і цэнзуры, а высвятленне падобнай капітуляцыі часткі апазіцыйных сіл можа быць толькі адно - яны не адчуваюць падтрымкі грамадзян.
Папулярная ў Беларусі газета «Комсомольская правда в Беларуси» наогул не ўспамінае аб выбарах.
Незалежныя газеты, штотыднёвік «Наша Нiва» і «Народная Воля», не выходзяць у суботу, але ў апошнім нумары, які выйшаў у сераду, «Наша Нiва» публікуе на першай старонцы фатаграфію збітага карэспандэнта агенцтва Associated Press, які фатаграфаваў моладзевы пікет, а «Народная Воля» інфармуе ў пятніцу аб адмове ў выдачы віз двум назіральнікам Парламенцкай асамблеі АБСЕ.