Старшыня камісіі: «Я не казаў 317! Прагаласавала 565»
50- 26.09.2012, 11:18
Журналісты датэлефанаваліся да старшыні выбарчай камісіі, які на відэазапісы агучвае сапраўдную лічбу тых, хто прагаласаваў на яго ўчастку.
Менавіта гэты чалавек, калі ўзначальваў ЖРЭА Савецкага раёна, выселіў партыю БНФ з легендарнага офіса па праспекце Машэрава, 8 і прымушаў іх убіраць бел-чырвона-белы сцяг з фасада будынка, перадае «Радыё Свабода».
Гэтая неверагодная выбарчая гісторыя адбылася на ўчастку № 594 Менскай-Усходняй выбарчай акругі № 107. На відэа, якое зняла назіральнік ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, выразна відаць і чуваць, як старшыня выбарчай камісіі Хаменок Мікалай Мікалаевіч агучвае агульную лічбу тых, хто прагаласаваў:
«Лічба апошняя - 317 чалавек. Гэта датэрміновае, на даму і дзень «выбараў».
Усяго выбаршчыкаў на ўчастку 1109. Такім чынам, на ўчастку № 107 прагаласавала 28,8% выбаршчыкаў. Адпаведна «выбары» не адбыліся.
Але ў акруговай камісіі ў пратаколе з гэтага ўчастка з'явілася 565. А гэта ўжо 50,9%. І «выбары» адбыліся.
Больш за тое, Хаменок Мікалай, які цяпер працуе ў прафсаюзнай арганізацыі ў ЖРЭА Савецкага раёна Менска, катэгарычна адмаўляе свае словы:
- Мікалай Мікалаевіч?
- Так.
- Тут вы проста герой інтэрнэту. Уся Беларусь глядзіць відэа, як вы лічыце галасы на ўчастку...
- Што?
- Уся Беларусь, кажу, відэа глядзіць, як вы лічыце галасы. Раскажыце, калі ласка, што там у вас адбылося?
- А што там паказваюць?
- Паказваюць, як вы лічыце галасы на ўчастку. Кажаце лічбу тых, хто прагаласаваў.
- Так я па кніжцы ўсё рабіў. Нам выдалі кніжку, я па ёй і рабіў.
- А тут вось назіральнікі паскардзіліся, што вы там сказалі лічбу 317, а ў пратаколе 565 напісана.
- Хай скардзяцца, давайце глядзець-разбірацца.
- А як атрымалася, што вы кажаце адну лічбу, а ў пратаколе іншая напісана?
- Такога не можа быць.
- А што за дзяўчына ў вас там пратакол выхапіла?
- У мяне?! Я павесіў пратакол. Ніхто ў мяне нічога не выхопліваў. Павесіў пратакол і сышоў. А далей я не ведаю, што там было.
- А назіральнікі кажуць, што пратакол вы ім не давалі.
- Ну, як я не даваў ім пратакол? Я пратакол павесіў у пакоі, дзе мы лічылі галасы. І пайшоў разам з міліцыяй у адміністрацыю. А што там далей было, я не ведаю.
- Дык колькі ж прагаласавала ў вас?
- 561 ці 3... Зараз скажу вам.... 565.
- 565 па вашаму пратаколу?
- Так, што там паказваюць? Хто там паказвае? Я нешта не магу зразумець...
- Ёсць відэа, дзе вы лічыце ... паказваеце назіральнікам бюлетэні, кажаце лічбу 317...
- Не можа такога быць!
- А цяпер кажаце 565.
- Не можа такога быць! Калі ласка, ідзіце ў камісію, будзем разбірацца.
- Так назіральнікі ўжо падалі на вас скаргу.
- Дык няхай скардзяцца. Яны на мяне ўжо пятыя суткі скардзяцца.
- А за што скардзяцца?
- Ды я не ведаю. Тое нататнік у іх знік, то каўпачок ад фотаапарата знік, то яшчэ што... Міліцыю выклікаюць...