9 чэрвеня 2026, aўторак, 10:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Лукашэнка бярэ лічбы са столі

18
Леанід Заіка: Лукашэнка бярэ лічбы са столі

Эканаміст пракаментаваў зацверджаныя кіраўніком паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2013 год.

Прагноз росту эканамічных паказчыкаў, які 25 верасня зацвердзіў дыктатар, мае мала агульнага з рэчаіснасцю. Пра гэта сайту charter97.org распавёў эканаміст Леанід Заіка.

Пра рост ВУП на 8,5%

«Шмат залежыць ад разагрэву знешняй эканомікі. Калі ў Расеі прагноз росту ВУП - 3,7-4,5%, а ў Беларусі - 8,5%, то значыць, у нас больш эфектыўная вытворчасць? Гэта не так. Расея нас дабівае па многіх лініях вытворчасці. Трэба ўлічваць і пашырэнне прыросту імпарту на расейскім рынку ў сувязі з яе уступленнем у СГА. Так што рост ВУП на 4-4,5% - гэта вялікі аптымізм. А каб дамагчыся росту на 8%, трэба стаць кітайскім таварышам», - упэўнены эксперт.

Пра прыцягненне замежных інвестыцый у аб'ёме 4,5 мільярда даляраў

«Калі мы будзем прадаваць «фамільнае срэбра», то такіх паказчыкаў сапраўды можна дамагчыся. Але гэта распродаж уласнай краіны, а гэта яшчэ нідзе не прыводзіла ні да чаго добрага», - сказаў Леанід Заіка.

Пра рост прадукцыйнасці працы

«Мяне забаўляла, што ў Беларусі сталі падыходзіць да эканомікі, як у пачатку XIX стагоддзя. У марксізме-ленінізме прадукцыйнасць працы сапраўды была галоўным паказчыкам. Але ў Беларусі гэты паказчык атаясамліваюць з выпрацоўкай. Я не стаў бы надаваць яму значэння. Самы просты спосаб павысіць гэты паказчык - скараціць колькасць рабочых. Тады па лічбах прадукцыйнасць працы будзе расці. Колькасць рабочых памяншаецца - паказчыкі прадукцыйнасці працы павялічваюцца», - растлумачыў эканаміст.

Пра інфляцыю, запланаваную не вышэй за 12%.

«Не атрымаецца 12%, нават калі лічыць індэкс коштаў на капусту (гэты прадукт менш за ўсё індэксуецца). У прафесійных эканамістаў тут узнікае проста процьма пытанняў», - сказаў эксперт.

Вынікі

«Пакуль гэтыя лічбы - толькі пажаданні, куды больш важнае пытанне - ці будзе дэнамінацыя. Гэта якасны момант. Закрэсляць тры нуля ці чатыры? Калі закрэсляць тры нуля, то падыход прымітыўны. Калі чатыры нуля - то гэта ўжо сур'ёзны падыход да грошай», - адзначыў Леанід Заіка.

«Вось зараз амаль наступіў кастрычнік. І хто ўспомніць ў чэрвені-ліпені 2013 года пра тое, што гаварылася зараз? Не ведаючы, як год скончыцца, як паўплывае вайна ў Іране на кошт нафты, якая будзе канкурэнтаздольнасць расейскай вытворчасці з уступленнем у СГА. Такія лічбы названыя, каб Лукашэнка быў задаволены. Казаць, што гэта план - непрыстойна. Жыццё пакажа свае лічбы. Названыя лічбы нічога не значаць», - казал ён.

Нагадаем, 25 верасня Лукашэнка зацвердзіў важнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2013 год. У прыватнасці, запланаваны рост ВУП на 8,5%, прадукцыйнасці працы - на 9,3%. Прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове прагназуецца ў аб'ёме 4,5 мільярды даляраў. Стаўка рэфінансавання ў Беларусі на канец 2013 года прагназуецца на ўзроўні 13-15% гадавых (пры інфляцыі 12%)

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках