28 красавiка 2024, Нядзеля, 8:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Вайцюшкевіч: З «выбарамі» даўно ўсё ў гэтай краіне зразумела

3
Зміцер Вайцюшкевіч: З «выбарамі» даўно ўсё ў гэтай краіне зразумела

Спявак апошнія гады на «выбары» не ходзіць, таму што не бачыць сэнсу ў іх.

Сёння з сайтам charter97.org падзяліўся сваім меркаваннем вядомы беларускі спявак Зміцер Вайцюшкевіч.

- Што вы будзеце рабіць 23-га верасня?

- Калі ў плане буде канцэрт, буду граць канцэрт.  

- Дык на «выбары» вы не пойдзеце?  

- Не, не збіраюся. Я ж артыст, а палітыкі… яны трэніруюцца на «выбарах». Вось тыя, хто ўдзельнічаюць - хай трэніруюцца. А тыя, хто не ўдзельнічаюць - хай трэніруюцца таксама. Я апошнія гады на «выбары» не хаджу, таму што не бачу сэнсу ў іх.  

- Але ж падчас прэзідэнцкіх выбараў вы ўдзельнічалі ў агітацыйнай кампаніі?

- Так, я ўдзельнічаў у камандзе Уладзіміра Някляева і не шкадую пра гэта.  

- Вы ўдала супрацоўнічалі са шведскай амбасадай, вынікам гэтага - цудоўны альбом перакладаў з шведскай паэзіі «Чара». Як вы ацэньваеце падзеі, што прыляцелі шведскія мядзьведзікі, а «Карлсан» Эрыксан адляцеў?  

- Я ўжо выказваўся на гэты конт, што беларуская дзяржава магла б падумаць трохі наперад і даць Эрыксану ордэн «Дружбы народаў» ці Скарыны  на развітанне, калі яны ўжо так не хацелі яго бачыць, і  прыняць новага амбасадара. А так развітвацца з чалавекам, які зрабіў шмат чаго добрага, нельга. Аднак у нас у краіне ніхто не прывык думаць наперад.  

- Стэфану Эрыксану закідвалі абвінавачванні, што ён падтрымлівае экстрэмістаў і радыкалаў. Ці гэта не вас мелі на ўвазе?  

- Калі я экстрэміст і радыкал, тады я вельмі рады, што так высока ацэньваецца мая творчасць. Я думаў, што мае песні слухаюць толькі «пані трошкі ў гадах», а, выяўляецца, яшчэ вось так яно ўздзейнічае... Калі сур'ёзна, мне няма чаго тут сказаць. Я Эрыксана любіў, люблю, як і любіў, люблю Някляева. Будзем падтрымліваць кантакты, жывучы тут на Беларусі.  

- Стылістыка вашых песень вельмі разнастайная: тут і шансон, і калыханкі, і рокавыя ноткі, і грамадзянская лірыка. Як гэта ўсё спалучаецца ў адной асобе?  

- Вось такі я складаны, глыбокі і сціплы беларускі артыст.  

- Такія песні як «Наш сцяг» і «Красуня вясна» можна назваць беларускімі гімнамі. Гэта пакліканне душы ці грамадзянскі абавязак?  

- Я думаю, каб у нас дзяржава займалася грамадзянскай лірыкай высокаталенавіта, тады, магчыма, я б займаўся глыбокакультурніцкімі наватарскімі праектамі. А так прыходзіцца і за дзяржаву адпрацоўваць яшчэ. Калі б не было такой патрэбы, то не спяваў бы.  

- Аматарам вашай творчасці не стае канцэртаў, а вы як пачуваецеся?  

- Я крычаць і наракаць на чорныя спісы не магу, мне трэба займацца творчасцю. Я ёй займаюся. Прыйдзе час, які ўсё паставіць на свае месцы.  

- Як вы адсвяткавалі свой дзень народзінаў?  

- Я сабе магу дазволіць раскошу праводзіць канцэрты ў сябе на Нёмане,  на аграсядзібе, бо маю права.  

- Вы цяпер на Нёмане і жывяце?  

- Я жыву і на Нёмане, і ў Астрашыцкім гарадку, разам з Колем.  

- Што вашы сябры, суседзі думаюць пра «выбары»?  

- У нас культурніцкія размовы, а з «выбарамі» даўно ўсё ў гэтай краіне зразумела.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках