Яўген Крыжаноўскі: Ярмошыну паважаеце, пра боршч чулі? (Відэа)
70- 5.09.2012, 9:04
На канале «Беларусь-2» прайшлі дэбаты кандыдатаў у дэпутаты.
У студыі былі вядомы сатырык Яўген Крыжаноўскі, «дэпутат», намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Святлана Шылава і старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, давераная асоба кандыдата Уладзіміра Раманоўскага.
Крыжаноўскі, які прадстаўляў Ліберальна-дэмакратычную партыю, падчас дэбатаў некалькі разоў «атакаваў» праўладнага кандыдата.
«Святлана Дзмітрыеўна дапамагала нарадзіцца маёй маленькай Ксюшке, - пачаў Яўген Крыжаноўскі. - Аднак хопіць аднаго тэрміну! Прафесія вас чакае, вяртайцеся!... Трэба вяртацца ў сям'ю».
Шылава, збітая з панталыку, нешта гаварыла аб тым, што яна «аказвала медыцынскую дапамогу сваім выбаршчыкам», перадае «Еўрарадыё».
Праз некалькі хвілін Крыжаноўскі задаў ёй новае пытанне: «Вы паважаеце Ярмошыну Лідзію Міхайлаўну? Гэта ж яна сказала: «Жанчыны, не займайцеся палітыкай, варыце баршчы!»
«Лідзія Міхайлаўна мае права на такія заўвагі... я паважаю яе», - адказала «дэпутат» Святлана Шылава, назваўшы старшыню ЦВК «таленавітай жанчынай, якая выдатна разбіраецца ў заканадаўстве».
«Створаная ў Беларусі сістэма - гэта тупік эканамічны, фінансавы, маральны», - заявіў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, перадае БелаПАН.
На думку Лябедзькі, «самая вялікая праблема - гэта адсутнасць свабодных і сумленных выбараў». «Няма сумленных выбараў - няма эканамічных поспехаў, няма судовай незалежнай сістэмы. Няма сумленных выбараў - затое ёсць палітвязні», - заявіў ён.
Лябедзька лічыць, што «не трэба праводзіць ілжэвыбары ў псеўдапарламент». Ён паведаміў, што ў лютым у Беларусі было праведзена апытанне 2,5 тыс. грамадзян, якім было прапанавана назваць трох дзеючых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Па словах Лябедзькі, «ні адзін з іх не змог назваць ні аднаго, а дзеючага спікера Уладзіміра Андрэйчанку ведае менш за 4% апытаных».
«Гэта азначае, што ў 2008 годзе гэтых людзей не выбіралі, былі фальсіфікацыі, падтасоўкі і маніпуляцыі, - заявіў палітык. - Навошта заклікаць людзей удзельнічаць у тым, чаго няма: няма парламента, няма дэпутатаў, і таму мы шчыра гаворым: мы прыйшлі для таго, каб сказаць гэта людзям. Нам, праўда, гэта не даюць».
Па словах Лябедзькі, на сёння 20 кандыдатаў у дэпутаты ад АГП не былі дапушчаныя ў эфір на радыё і тэлебачанні. «У прыстойных цывілізаваных краінах гэта называецца палітычная цэнзура, калі зарэгістраваным кандыдатам у дэпутаты не даюць магчымасць звярнуцца да сваіх выбаршчыкаў», - заявіў ён.