Прафсаюзны актывіст нарэшце змог трапіць на працу
4- 5.09.2012, 15:10
Старшыня аддзялення Свабоднага прафсаюза на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў Міхаіл Кавалькоў трапіў на тэрыторыю прадпрыемства.
Яму разблакавалі пропуск, паведамляе «Радыё Свабода».
Пра тое, што пропуск разблакуюць, Міхаілу Кавалькову паведамілі неўзабаве пасля сустрэчы кіраўніцтва Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў з адміністрацыяй завода.
«Я толькі што выйшаў з кабінета намесніка дырэктара па ідэалогіі Уладзіміра Елісеенкі - пытанне з пропускам вырашана. Вось мы ідзём з Уладзімірам Уладзіміравічам, і ён кажа, што вырашана назаўсёды. На дадзены момант, такім чынам, канфлікт з пропускам урэгуляваны, і я спадзяюся, што ўсё так будзе і далей», - паведаміў Міхаіл Кавалькоў.
Ад 8 чэрвеня, як сцвярджае актывіст, ён на завод змог прайсці толькі двойчы - 29 чэрвеня і 10 ліпеня.
Нагадаем, адносіны завадской пярвічкі СПБ з адміністрацыяй прадпрыемства ўскладніліся ў лістападзе 2011 года, пасля таго як прафсаюз сабраў паўтары тысячы подпісаў работнікаў прадпрыемства пад патрабаваннем аб 100-адсоткавым павелічэнні зарплаты.
Адміністрацыя пайшла тады толькі на 45-адсоткавае павышэнне заробку.