10 чэрвеня 2026, Серада, 1:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мілінкевічу канчаткова адмовілі ў рэгістрацыі

46
Мілінкевічу канчаткова адмовілі ў рэгістрацыі

5 верасня Вярхоўны суд абвясціў рашэнне па скарзе лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, якога не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты.

Суддзя Валянціна Кулік не знайшла падстаў, каб задаволіць скаргу Мілінкевіча. Сам ён заяўляе, што на гэтым выбарчая кампанія для яго не сканчаецца, перадае "Радыё Свабода".

Аляксандр Мілінкевіч спрабаваў праз Вярхоўны суд дамагчыся, каб яго зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты. Для яго гэта была апошняя магчымасць пазмагацца за дэпутацкі мандат. Аднак судздзя Вярхоўнага суда Валянціна Кулік, якая, дарэчы, вяла сённяшняе пасяджэнне на беларускай мове, не знайшла падстаў, каб задаволіць яго зварот. Яна палічыла, што прэтэнзіі да Мілінкевіча з боку акруговай і Цэнтральнай выбарчых камісій маюць дастатковае абгрунтаванне.

Лідэр руху «За свабоду» хацеў балатавацца па 109-й менскай выбарчай акрузе. Аднак пры праверцы подпісаў выбаршчыкаў акруговая камісія палічыла, што з правераных 350 подпісаў 26% - несапраўдныя. Сюды залічылі подпісы з несапраўднымі пашпартнымі дадзенымі, подпісы, у якіх дату нібыта ставіла іншая асоба, а не самі выбаршчыкі, а таксама подпiсы тых выбаршчыкаў, якія не пражываюць на тэрыторыі 109-й акругі.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Юрый Меляшкевіч сёння ў судзе спрабаваў абвергнуць гэтыя высновы. Аднак - безвынікова.

Аляксандр Мілінкевіч пасля абвяшчэння прысуду сказаў, што такое рашэнне Вярхоўнага суда для яго не стала нечаканым.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках