Еўропа застаецца самым канкурэнтаздольным рэгіёнам свету
12- 5.09.2012, 16:43
Рэйтынг глабальнай канкурэнтаздольнасці, складзены Сусветным эканамічным форумам, узначаліла Швейцарыя.
Краіны Паўночнай і Заходняй Еўропы працягваюць дамінаваць у першай дзесятцы. Германія знаходзіцца на шостым месцы. Расея апусцілася на 67-е месца, перадае Deutsche Welle.
Дзяржавы Паўночнай і Заходняй Еўропы па-ранейшаму займаюць першыя месцы ў рэйтынгу канкурэнтаздольнасці сусветных эканомік. Згодна са штогадовай справаздачай, апублікаванай у Жэневе Сусветным эканамічным форумам (СЭФ) у сераду, 5 верасня, лідзіруе ў спісе Швейцарыя, на другім месцы знаходзіцца Сінгапур, замыкае тройку лідэраў Фінляндыя, за якой ідуць Швецыя і Нідэрланды.
Германія, як і годам раней, знаходзіцца на шостым месцы. ЗША, губляючы пазіцыі чацвёрты год запар, на гэты раз апусціліся на сёмае месца з пятага. Хоць Злучаныя Штаты, дзякуючы перадавым прадпрыемствам, выдатным універсітэтам і найбуйнейшаму рознічнаму рынку ў свеце, па-ранейшаму набіраюць ачкі, у краіне відавочны дэфіцыт даверу органам улады, палітыкам і сцвярджэнням аб эканамічнай стабільнасці, гаворыцца ў дакуменце.
Расея па-ранейшаму губляе пазіцыі
Працягвае пагаршаць свае паказчыкі і Расея. У апошнім рэйтынгу краін свету па ўзроўні канкурэнтаздольнасці эканомік РФ заняла 67-е месца. Годам раней краіна знаходзілася на адну пазіцыю вышэй, а ў 2010 годзе займала 63-е месца.
Суседзі Расеі па БРІК таксама губляюць свае пазіцыі. Кітай апынуўся на 29-м месцы, спусціўшыся на тры радкі. Індыя таксама пагоршыла паказчыкі, заняўшы 59 радок спісу. Толькі Бразілія палепшыла свой вынік і паднялася на 48-е месца з 53-га.
Крытэрыі ацэнкі
Усяго ў рэйтынгу канкурэнтаздольнасці ўдзельнічаюць 144 краіны свету. Спіс складаецца штогод на аснове адкрытых статыстычных дадзеных і апытанняў меркавання некалькіх тысяч экспертаў.
Ацэнка праводзіцца па розных крытэрах, сярод якіх узровень развіцця інфраструктуры, аховы здароўя, адукацыі і тэхналагічнага развіцця, сітуацыя на рынку працы, макраэканамічная стабільнасць, а таксама эфектыўнасць рынкаў тавараў і капіталу.