Унучка «дэпутата» Глаза вучыцца... у гімназіі
26- 6.09.2012, 10:19
«Дэпутат», які прапанаваў зачыніць усе гімназіі і ліцэі, ужо адхрышчваецца ад сваіх заяў.
«Дэпутат» Анатоль Глаз прапануе зачыніць гімназіі і ліцэі», - прыводзяць СМІ вынікі прэс-канферэнцыі парламентарыяў Анатоля Глаза і Уладзіміра Здановіча. У размове з «Еўрарадыё» «дэпутат» Глаз ад такіх прапаноў ужо адмаўляецца.
«Хіба я магу такое сказаць!? Я казаў, што трэба ўважліва падыходзіць да пашырэння сеткі ліцэяў і гімназій. Усе формы павінны быць, але не трэба захапляцца нечым адным. Бо калі ў райцэнтры дзве школы і адна гімназія - няправільна. Не можа там быць 50% таленавітых дзяцей. Дай Бог, але не можа такога быць», - хвалюецца Анатоль Глаз.
Больш за тое, як даведаліся журналісты ўнучка «дэпутата» Анатоля Глаза вучыцца ў гімназіі ў Магілёве! Пасля чацвёртага класа яе перавялі ў гімназічны клас. Ну, як тут зачыніш?
Гімназістам сапраўды прасцей трапіць ва ўніверсітэты. Напрыклад, з менскай гімназіі № 11 у ВНУ паступілі... усё выпускнікі.
«48 выпускнікоў паступілі. Накіраванасць: БДУ, БДПУ, БНТУ, МДЛУ. У асноўным, на эканамічны напрамак паступілі. 60% паступілі на бюджэт, астатнія на платнае», - распавядаюць у гімназіі № 11. У гэтай установе на адну гадзіну ў тыдзень больш матэматыкі і замежнай мовы, чым у звычайнай школе.
А ў сталічнай школе № 70 у ВНУ паступілі каля двух трацін вучняў:
«63% паступілі, у асноўным, біялогія, фізіка, хімія. За некалькі гадоў такая статыстыка: ад паловы да 70%», - кажуць у школе.
Гродзенская гімназія № 10, 90% выпускнікоў сталі студэнтамі, палова з іх - на платным.
«Быў высокі прахадны бал, хоць дзеці добра здалі тэставанне. Многія выбіралі платнае, таму што там мала бюджэтных месцаў, а спецыяльнасць прывабная», - распавядаюць у гродзенскай гімназіі.
А ў гродзенскай школе № 35 ва ўніверсітэты прайшло 70% выпускнікоў. Але паступалі нават у Польшчу:
«І ў Польшчу паступілі, але ў асноўным - у Гродна. Палова з іх пайшлі на бюджэт».
У Міністэрстве адукацыі прызнаюць перавагу гімназістаў над школьнікамі:
«Лепш за ўсіх тэставанне здаюць выпускнікі гімназій і ліцэяў. Іх вынікі на 15-20 балаў вышэй», - распавядае першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук на прэс-канферэнцыі аб выніках цэнтралізаванага тэставання.