Кітай выступіў за адстаўку Асада
37- 6.09.2012, 16:20
Кітай афіцыйна выказаўся ў падтрымку змены палітычнай улады ў Сірыі, але супраць замежнай інтэрвенцыі.
Пасля перамоў з дзяржсакратаром ЗША Хілары Клінтан у Пекіне міністр замежных спраў КНР Ян Цзэчы, у прыватнасці, заявіў: «Мы, як і многія іншыя краіны, цалкам падтрымліваем ідэю мірнай перадачы ўлады ў Сірыі», паведамляе Reuters.
Пры гэтым Ян падкрэсліў пазіцыю сваёй краіны: «Любое рашэнне павінна зыходзіць ад сірыйскага народа і адлюстроўваць яго законныя пажаданні. Ніякага знешняга ціску тут быць не павінна».
Кітайскія ўлады яшчэ 30 чэрвеня заявілі, што адным з магчымых рашэнняў сірыйскага крызісу магло б стаць фарміраванне часовага ўрада з ліку праціўнікаў і прыхільнікаў дзеючага рэжыму. Такі ўрад павінен быў бы падрыхтаваць правядзенне свабодных выбараў.
Пры гэтым Пекін тады, як і цяпер, выступаў супраць паўтарэння лівійскага сцэнара, пры якім паўстанцы з дапамогай знешніх сіл дамагліся звяржэння кіруючага рэжыму і ліквідацыі дыктатуры.
Заявы аб неабходнасці перадачы ўлады ў Сірыі Кітай зрабіў на фоне эскалацыі гвалту ў гэтай краіне. Сірыйскія паўстанцы, атрымаўшы з-за мяжы пераносныя супрацьпаветраныя комплексы, атрымалі магчымасць супрацьстаяць урадавай авіяцыі, што істотна ўскладніла для войска рашэнне баявых задач.
Так, сірыйскія вайскоўцы ўжо больш за месяц не могуць узяць пад свой поўны кантроль горад Алепа - фінансава-эканамічную сталіцу краіны.