Лукашэнка спужаўся канкурэнцыі на расейскім рынку
21- 6.09.2012, 16:24
Кіраўнік прапануе Расеі сумесна працаваць на агульным харчовым рынку.
«Канкурэнцыі ніякай тут быць не можа. У Расеі палову харчавання, нават больш, закупляюць. Рынак вялізны, і мы яго павінны разам з расейцамі асвойваць. Гэта наш агульны рынак, Расеі ў Беларусі і Беларусі ў Расеі, і дзяліць нам тут абсалютна няма чаго», - заявіў Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся ў чацвер у Менску з губернатарам Курскай вобласці РФ Аляксандрам Міхайлавым.
Кіраўнік адзначыў, што Беларусь гатова ў выпадку неабходнасці падключыцца і да рэалізацыі на тэрыторыі Курскай вобласці праектаў у сферы аграпрамысловага комплексу, паведамляе "Інтэрфакс".
Па дадзеных прэс-службы кіраўніка, у першым паўгоддзі экспарт сельгаспрадукцыі ў Курскую вобласць склаў больш за $4 млн і вырас у параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года на 23%. Аснову экспартных паставак складаюць мясапрадукты, сыры і тварог, масла.
Як паведамілі ў прэс-службе кіраўніка па выніках сустрэчы, бакі сышліся ў меркаванні, што ва ўзаемным гандлі неабходна максімальна адыходзіць ад пасрэднікаў і працаваць напрамую.