У Ялце беларуска з куляй у грудзях затрымала злодзея (Відэа)
46- 6.09.2012, 16:56
Злодзей спрабаваў выкрасці фотаапарат і грошы турыстаў з Беларусі на кватэры, якую яны арандавалі.
Трое хлопцаў і дзяўчына заўважылі злодзея з двара, дзе яны вячэралі. Калі злачынец саскочыў з балкона і кінуўся наўцёкі, беларусы пачалі яго пераследваць, паведамляе ўкраінскі тэлеканал «1+1».
Яны амаль дагналі хлопца, але ў гэты момант той дастаў пісталет і пачаў адстрэльвацца. Пасля некалькіх недакладных стрэлаў злодзей трапіў у 24-гадовую Вольгу. Але дзяўчына, нягледзячы на цяжкае агнястрэльнае раненне ў грудзі, затрымала мужчыну. Сябры пацярпелай скруцілі яго, а гераіні выклікалі «хуткую».
Злодзеем аказаўся 26-гадовы жыхар Сімферопаля, які раней ужо прыцягваўся да адказнасці за разбойны напад. У беларусаў ён спрабаваў сцягнуць фотаапарат, грошы і некалькі рэчаў.
За спробу забойства і разбой затрыманаму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Вольгу ўжо выпісалі са шпіталя, яна разам з сябрамі вярнулася ў Беларусь.